Карнавал у Смаргоні: апошні вясёлы ўікенд перад Вялікім пастом | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.02.2013 17:42

У Салезіянскім моладзевым цэнтры імя святога Яна Боска ў Смаргоні ёсць прыгожая традыцыя: у апошнія дні перад пастом арганізоўваць вясёлы карнавал з гульнямі, танцамі і песнямі. Гэты год не стаў выключэннем.

Яшчэ ўвечары 9 лютага моладзь стала збірацца ў галоўнай зале цэнтра на тэматычную вечарыну «Танцулькі ў сельскім клубе»: яркае і незвычайнае адзенне, чырвоныя вусны і экстравагантныя дзявочыя прычоскі…

Спачатку малітва, а пасля музыка, танцы і гульні — усё гэта з радасцю ў сэрцы і з усмешкай на твары. Атмасферу вечара перадалі, канешне, і дыджэі. Моладзі ў выніку так спадабаліся іх вобразы, што яны нават не спяшаліся вяртацца ў сённяшні час.

Святы Ян Боска заўсёды пакідаў на канец дня для сваіх выхаванцаў нейкую думку, слова на дабранач. Нашы ксяндзы і сёстры таксама прытрымліваюцца гэтай традыцыі. Напрыканцы карнавала сястра Ірына Барцэвіч FMA заклікала моладзь выкарыстаць час Вялікага посту з карысцю, каб радасць на гэтым карнавале перарасла ў радасць жыцця з Богам на кожны дзень. Атрымаўся незабыўны вечар — шмат уражанняў і пазітыўных эмоцый. Але гэта было не ўсё.

Нядзельная моладзевая Імша на наступны ранак, якую анімавала моладзь, стала своеасаблівым развітаннем з вясёлымі песнямі перад Вялікім пастом. «Праслаўляйце Яго ўсе народы…» — спявала моладзь на заканчэнне Імшы, як заклік да ўсіх парафіянаў і да сябе на гэтыя сорак дзён працаваць над сабой праз пост, малітву і міласціну.

Самыя маленькія ўдзельнікі араторыя таксама не засталіся без свята. Пасля дзіцячай святой Імшы яны былі запрошаны на баль да Прынца. Разам з добрай феяй дапамагалі Папялушцы трапіць у замак Прынца і сустрэцца з ім. Праз вясёлыя гульні і танцы мэта была дасягнута. Дзеці разам з героямі казкі апынуліся на святочным балі, які пачаўся супольным танцам «Беларуская полька».

У нядзелю моладзь арганізавала сумесны паход на прыроду, каб не толькі весела правесці час, пагуляць у снежкі, пасмажыць на вогнішчы сала, але і захапіцца прыгажосцю зімняй прыроды.

Апошні ўікенд перад пастом завяршыўся. Весела, дружна і незвычайна. На гэты асаблівы вялікапостны час, які пройдзе пад дэвізам «праз Крыж да Збаўлення», у салезіянскай парафіі ў Смаргоні ёсць некалькі цікавых прапаноў для моладзі.

Па суботам запрашаем усіх на Крыжовы шлях а 16.00 гадзіне для дзяцей і ў 18:50 для моладзі. У Смаргоні, у моладзевым цэнтры, 16 і 17 лютага адбудзецца чарговая сустрэча для дзяўчат на тэму паклікання: «Ласка, падораная дзяўчыне», а з 8 па 10 сакавіка — чарговая сустрэча аб пакліканні для хлопцаў «Прадбачлівы юнак». 24 і 25 лютага ў Мінску (парафія св. Яна Хрысціцеля ў Серабранцы) адбудуцца моладзевыя разважанні на тэму «Будзь сведкам радаснага навяртання». Усіх зацікаўленых просім звяртацца да с. Ірыны Барцэвіч FMA альбо да кс. ІванаОгара SDB.

Вераніка Ермак

 
© 2003-2024 Catholic.by