Біскуп Кашкевіч кандыдатам да дыяканскага і святарскага пасвячэнняў: не прымаць ласкі Божай дарэмна | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.02.2013 21:29

16 лютага ўрачыстымі нешпарамі завяршыліся велікапосныя рэкалекцыі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Падчас нешпараў, якія ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, шэсць навучэнцаў пятага курса былі ўрачыста прыняты ў кандыдаты да дыяканскага і святарскага пасвячэнняў.

Гэтая падзея мае вельмі вялікае значэнне ў святарскай фармацыі, бо сутнасць дадзенага абраду — у тым, каб той, хто жадае стаць дыяканам, а пасля святаром, публічна выказаў сваю волю аддання Богу і Касцёлу праз спаўненне служэння, якое вынікае з пасвячэння. Перад супольнасцю Касцёла кандыдаты жадаюць рыхтавацца да пасвячэнняў дыяканату і прэзбітэрату і паказваюць, што патрабуюць малітвы духавенства і вернікаў, каб дайсці да святарства і быць вернымі сведкамі ўваскрослага Хрыста. Падчас гэтага абраду кожны кандыдат вызнае свае пастановы перад Касцёлам.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да семінарыстаў, якія сталі кандыдатамі да пасвячэнняў, нагадаў словы апостала Паўла з Другога паслання да Карынцянаў: «каб вы не прымалі ласкі Божай дарэмна». Іерарх падкрэсліў, што кожнае пакліканне — вялікая Божая ласка, якой нельга страціць, загубіць, а асабліва пры вучобе ў семінарыі. Біскуп дадаў, што прыняцце ў кандыдаты — апошні этап падрыхтоўкі да пасвячэння, і адзначыў важнасць малітвы, без якой «не будзе моцнай веры, а без веры — святарства».

Гродзенскі ардынарый заахвоціў семінарыстаў развіваць з гэтага дня сваё пакліканне з яшчэ большай руплівасцю, пры гэтым карыстаючыся дапамогай супольнасці Касцёла.

Велікапосныя рэкалекцыі, якія праходзілі ў семінарыі 13–16 лютага, праводзіў кс. Францішак Галдысь TChr, пробашч парафіі ў Суботніках. Рэкалекцыяніст засяродзіўся ў духоўных практыкаваннях на тэме веры і прапанаваў удзельнікам паразважаць, кім на самой справе з’яўляецца Бог, у якога людзям трэба верыць, і хто такі чалавек, які запрошаны да гэтай веры. Святар указаў на тое, што вядзе чалавека да веры, асабліва падкрэсліўшы важнасць малітвы і Эўхарыстыі.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 

 
© 2003-2024 Catholic.by