У Гродне ўручылі дыпломы выпускнікам катэхетычных курсаў | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
04.03.2013 16:21

3 сакавіка 2013 г. у пабрыгідскім касцёле ў Гродне адбылося ўручэнне дыпломаў выпускнікам катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

Урачыстую Імшу з удзелам дырэктара аддзела а. Андрэя Шчупала CSsR, выкладчыкаў і навучэнцаў, іх блізкіх і сяброў цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Дыпломы атрымалі 13 чалавек, сярод якіх адна асоба з Гомеля, адна з Маладзечна, а адзінаццаць — з Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтыя дыпломы дазволяць выпускнікам выкладаць рэлігію ў парафіях пасля атрымання кананічнай місіі ад біскупа ардынарыя сваёй дыяцэзіі.

Як узгадаў біскуп Кашкевіч, нават калі некаторыя не будуць катэхізаваць у парафіі, тым не менш яны будуць сведкамі Хрыста ў асяроддзі сваёй працы і сям’і. Айцец Шчупал у сваю чаргу падкрэсліў значны ўклад у навуку, які ўнеслі выпускнікі пры здачы розных экзаменаў і залікаў.

Асобы, якія жадаюць у будучым стаць катэхетамі, могуць звяртацца ў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі (вул. К. Маркса, 4).

Сёння так шмат сэрцаў, якія чакаюць Евангелля, а праз катэхетаў сам Хрыстус навучае і вядзе да святасці. Таму катэхеты як памочнікі святароў павінны весці глыбокае духоўнае жыццё і даваць прыклад у сваім маральным жыцці.

(JM), (VGr)

 
© 2003-2022 Catholic.by