Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі маліліся ў Чэнстахове ў інтэнцыі новага Пантыфіка | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
11.03.2013 16:30

У ноч з 9 на 10 сакавіка ў Нацыянальным марыйным санкутарыі ў Чэнстахове (Польшча) адбылося чуванне Марыйнага апостальскага руху з Шанштата. Сабраныя вернікі ўзносілі да Бога малітвы ў інтэнцыі выбару новага Пантыфіка, а таксама аб дары Духа Святога для кардыналаў, членаў канклава.

У чуванні прынялі ўдзел звыш тысячы пілігрымаў і сяброў руху з Польшчы, Англіі, Германіі і Беларусі. Нашу краіну прадстаўлялі маладыя людзі з Гродна, Мастоў і Ваўкавыска. Чуванне стала таксама духоўнай падрыхтоўкай да 100-годдзя руху, якое будзе адзначацца ў 2014 г.

Чуванне распачалося вячэрняй малітвай — апэлем. Пасля прайшла канферэнцыя на тэму «Пасланыя Айцом, каб быць сям’ёй», а таксама святая Імша.

Удзельнікі пілігрымкі з Беларусі вярнуліся дадому духоўна ўмацаваныя пілігрымкавым шляхам, падчас якога даручылі Найсвяцейшай Маці святы Касцёл разам канклавам, які ў бліжэйшы час абярэ новага Пантыфіка.

Ірына Дашчэчка

Даведка: у Марыйным апостальскім руху з Шанштата (заснаваны 18 кастрычніка 1914 года Слугой Божым кс. Ёзафам Кэнтэніхам), які названы па месцы ўзнікнення Шанштацкім, асаблівае месца займае сям’я. Мэтай руху з’яўляецца маральна-рэлігійнае аднаўленне свету праз выхаванне з дапамогай Маці Божай новага чалавека ў новым хрысціянскім грамадстве. Дасягненне апостальскай мэты руху заснавальнік звязваў з аднаўленнем хрысціянскай сям’і. Так, Шанштацкі рух распрацаваў для сем’яў марыйную духоўнасць і дзякуючы адпаведнай фармацыі садзейнічае развіццю і будаванню моцных сямейных сувязяў.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by