Якая яна, мая вера? У Гродне прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для студэнтаў | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.03.2013 17:16

З 14 па 16 сакавіка ў пабрыгідскім касцёле ў Гродне адбыліся традыцыйныя рэкалекцыі для моладзі студэнцкага душпастырства «Open». Рэкалекцыйныя разважанні правёў кс. Юрый Саковіч OSPPE, пробашч з Карэлічаў, а іх тэмай сталі словы: мая вера і вера Хрыста.

У Год веры моладзь, якая ўдзельнічала ў духоўных практыкаваннях, нанава ўсвядоміла, што яе вера, як вера св. Пятра і кожнага чалавека, не з’яўляецца яе справай, але вернасцю праўдзе Хрыста і Касцёла. Вера перш за ўсё з’яўляецца справай Святога Духа, дарам Яго ласкі. Бог дае кожнаму чалавеку свайго Духа, каб ён мог адважна сказаць: «веру», а потым служыць Яму, каб паўсюль на зямлі даваць сведчанне пра Яго.  

Напрацягу гэтага часу моладзь штодня ўдзельнічала ў святых Імшах, адаравала Найсвяцейшы Сакрамэнт, слухала катэхезы, магла прыступіць да сакрамэнту пакуты. Падчас сустрэчы быў таксама час падзяліцца Божым словам, паразмаўляць, задаць пытанне рэкалекцыяністу.

Удзельнікі велікапосных рэкалекцый шукалі адказы на хвалюючыя іх пытанні: чым ёсць наша вера, чаму варта верыць, як дазволіць Езусу пазнаць сябе, чаму Бог перакрыжоўвае нашыя шляхі і змяняе нашыя планы?

У размове з карэспандэнтам Catholic.by кс. Антоні Грэмза, душпастыр студэнтаў, адзначыў, што ў падобных рэкалекцыях, якія сталі ўжо традыцыйнымі ў Вялікім посце, варта ўдзельнічаць.

«Нягледзячы на тое, што сённяшняя моладзь не любіць слухаць, цікавасць да рэкалекцый была вялікай, — адзначыў святар. — Вельмі многае залежыць ад асобы, якая іх праводзіць, а таксама ад добрай волі самой моладзі».  

Як дадаў кс. Грэмза, пасля рэкалекцый сама моладзь казала: «Паглядзелі на нашае жыццё і веру з іншага ракурсу». Плёны ж рэкалекцый пазнаюцца ў штодзённым хрысціянскім жыцці.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2022 Catholic.by