Біскуп Кашкевіч падчас Імшы Хрызмы: мець для ўсіх адкрытае святарскае сэрца, поўнае Хрыстовай любові | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.03.2013 14:53

28 сакавіка, у Вялікі чацвер, святары Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя на Імшу Хрызму са сваім ардынарыем біскупам Аляксандрам Кашкевічам. Святыня была напоўнена вернікамі, якія прыйшлі дзякаваць Богу за дар святарства і маліцца за сваіх душпастыраў.

У гэты выключны дзень Касцёл дзякуе Пану за ласку святарства. Ён стаў асаблівай нагодай падзякаваць за сваё святарства для тых святароў, якія сёлета адзначаюць юбілей пасвячэння: за 50 гадоў служэння дзякуе кс. Веслаў Дамброўскі SDB, за 25 гадоў — кс. Раман Катлімоўскі, кс. Цэзарый Міх, кс. Ян Раманчук, а. Казімір Мараўскі OCD і а. Леанард Цеханоўскі OCD.

На пачатку літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што сённяшні дзень вельмі важны для кожнага святара, бо гэта дзень падзякі за дар і таямніцу, якім ёсць святарства. Іерарх заўважыў, што словы кансэкрацыі, прамоўленыя Езусам падчас Апошняй Вячэры, прамаўляюцца сёння шмат тысяч разоў ва ўсіх касцёлах і капліцах усяго свету, дзе цэлебруецца Найсвяцейшая Ахвяра.

У гаміліі біскуп нагадаў, што ў Вялікі чацвер святар вяртаецца думкамі да пачатку свайго служэння. «Мы вяртаемся да той незабыўнай хвіліны, калі праз ускладанне рук біскупа і кансэкрацыйную малітву сталі святарамі. Узгадваем сёння нашу першую Эўхарыстыю, першыя споведзі, якія мы ўдзялілі, іншыя сакрамэнты, удзеленыя моцай Хрыстовага святарства», — дадаў гродзенскі ардынарый.

Па словах іерарха, святарства дадзена кожнаму душпастыру для таго, каб «аддаваць, дзяліцца, не чакаючы словаў удзячнасці». «Толькі тады, калі палюбім Езуса адзінай і выключнай любоўю, калі пакінем усё і ўсіх, каб пайсці за Ім, каб у сваёй чалавечнасці будзем імкнуцца да таго, каб стаць другім Хрыстом, — толькі тады будзем здольныя перамяняць свет любоўю», — падкрэсліў біскуп.

Перамяненне свету любоўю, працягваў ардынарый, цесна злучана са служэннем навучання, з абвяшчэннем Божага слова, у чым святары абвяшчаюць не сваю мудрасць, але мудрасць Хрыстовага крыжа.

Біскуп Кашкевіч заахвоціў святароў жыць Божым словам кожны дзень, бо «не павінна быць раздзялення паміж абвяшчэннем і жыццём». Таксама іерарх нагадаў пра ролю Евангелля ў жыцці духоўнай асобы: «Жыццё Эўхарыстыяй вядзе ад глыбокай фармацыі духу да актыўнага ахвяравання сябе свету — ажно да ахвяры свайго жыцця. Святар багаты, калі можа і хоча дабравольна аддаваць сябе з любові да свайго Пана ў рукі бліжняга».

«Вучыцеся бачыць Езуса ў кожным чалавеку, які да вас прыходзіць», — дадаў біскуп, адзначыўшы, што да святара прыходзяць людзі розныя і з рознымі праблемамі: слабыя, змучаныя, прыніжаныя, убогія, тыя, якія калісьці пакінулі дом Айца і сёння не могуць знайсці шляху да яго, і «тыя, якія хочуць нас папросту выкарыстаць і параніць». «Будзем мець для ўсіх адкрытае святарскае сэрца, поўнае Хрыстовай любові», — заклікаў іерарх.

Біскуп падзякаваў святарам за іх служэнне, ахвярную працу, прысвячэнне і клопат, якім атачаюць верны люд, а таксама выказаў падзяку вернікам за ўсе малітвы ў інтэнцыі святароў, за прыхільнасць і супрацоўніцтва, дадаўшы, што парафіяне блізкія свайму душпастыру, «утвараючы адзіную сям’ю, злучаную сувязямі веры, любові, узаемнай адказнасці і служэння».

Святары падчас літургіі прасілі Бога аб трываласці на далейшае служэнне і аб моцы духу ў вернай рэалізацыі заданняў, якія перад імі ставіць Хрыстус. Таксама адбылося асвячэнне алеяў, неабходных пры ўдзяленні сакрамэнтаў.

Напрыканцы Эўхарыстыі ад імя прэзбітэрыя Касцёла ў Гродне з падзякай і пажаданнямі да біскупа Аляксандра Кашкевіча звярнуўся а. доктар Андрэй Шчупал CSsR.

Існуюць тры віды алею, які выкарыстоўваецца пры цэлебрацыі сакрамэнтаў і ў іншых выпадках: алей хворых, алей катэхуменаў і алей хрызма. Алей хрызма адрозніваецца ад іншых больш шырокім ужываннем у Касцёле і асвячаецца найбольш урачыста. Ён ужываецца падчас хросту, канфірмацыі і святарскім пасвячэнні, а таксама выкарыстоўваецца пры намашчэнні алтара і сцен касцёла. Яшчэ ў Старым Запавеце ўзгадваецца намашчэнне святароў, прарокаў і каралёў. Гэты абрад звязаны таксама з іменем «Месія», што азначае «намашчаны».

Падчас намашчэння асоба ці прадмет страчвае ранейшы свецкі характар і ўключаецца ў сферу сакральнага, пачынаючы ад гэтага часу выконваць іншую, рэлігійную функцыю. Аб гэтым варта памятаць, удзельнічаючы ў Імшы Хрызме і духоўна яднаючыся са святарамі, сабранымі вакол біскупа пры алтары. Намашчэнне — гэта таксама нагода ўзгадаць пра вялікую адказнасць за гэтую новую годнасць.

Кс. Юрый Марціновіч

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by