«Не — пагрозам, так — жыццю»: у Лідзе адбылася I сустрэча працаўнікоў сферы аховы здароўя | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.04.2013 22:52

6 красавіка ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбылася I сустрэча працаўнікоў сферы аховы здароўя Гродзенскай дыяцэзіі на тэму «Чалавечае жыццё — дар Божай любові». У сустрэчы ўдзельнічалі больш за 120 медыцынскіх работнікаў бальніц, паліклінік і дамоў сацыяльнай апекі, якія дзейнічаюць у Гродзенскай вобласці.

З ініцыятывай правядзення сустрэчы выступіў кс. доктар Мікалай Ціхановіч, душпастыр службы аховы здароўя ў Гродне. Распачынаючы сустрэчу, святар прывітаў прысутных, тлумачачы яе двайную мэту: па-першае, каб усе ўдзельнікі «з дапамогай божай ласкі ўсвядомілі, наколькі каштоўнае чалавечае жыццё — дар Божай любові, каб усе медработнікі зразумелі, якое важнае іх пакліканне», па-другое — каб у Лідзе плёнам сустрэчы стала стварэнне душпастырства службы аховы здароўя, якое будзе ў сваёй працы кіравацца хрысціянскімі каштоўнасцямі.

Падобнае душпастырства паўстала ў 2007 г. у Гродне і плённа развіваецца ў апошні час праз удзел у фармацыйных сустрэчах, пілігрымках, рэкалекцыях, дыскусіях.

Усіх гасцей сустрэчы прывітаў пробашч парафіі кс. Уладзімір Гуляй, які адзначыў, што Касцёл з вялікай павагай ставіцца да тых, хто «кіруецца міласэрнасцю, спачуваннем і любоўю да бліжніх, дапамагае абараняць або аднаўляць іх цялесную моц». Святар дадаў, што ўсе хрысціяне пакліканы да таго, каб «клапаціцца не толькі пра фізічны дабрабыт свайго цела, якое, па словах апостала, з’яўляецца святыняй Духа, але неабходна ясна разумець і ўсведамляць, што аздараўленне душы так жа важна, як і лячэнне цела».

Першая дыяцэзіяльная сустрэча працаўнікоў службы здароўя мела малітоўна-фармацыйны характар. Націск ставіўся як на духоўнае развіццё ўдзельнікаў, так і на іх інтэлектуальнае ўзбагачэнне. Інтэлектуальная фармацыя — вельмі важны фактар, бо кожны чалавек, каб быць добрым спецыялістам у сваёй галіне, павінен удасканальвацца. Таму важна ўдзельнічаць у сустрэчах, семінарах, канферэнцыях, дзе можна адкрыць для сябе новае.

Жыць, каб сказаць: хвала таму, хто нас стварыў

Першы даклад «Чалавек — разумная задума Бога» агучыў Павел Белавус, асістэнт кафедры нармальнай анатоміі чалавека Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Прамоўца падкрэсліў, што чалавек створаны Богам і мае ўнікальную будову, якая сведчыць пра мудрасць Стварыцеля. Чалавек «мае несмяротную душу і вобраз Божы, што робіць яго асаблівым стварэннем, якое Бог стварыў для таго, каб яно праслаўляла Яго». Як адзначыў дакладчык, часта паўстае пытанне: чаму ў чалавека ўзнікаюць розныя хваробы і праблемы з фізічным станам? Гэтыя праблемы, а таксама фізічная смерць, «звязаны з існаваннем граху ў людзях», і вырашэнне праблем фізічнага стану «павінна ўлічваць наяўнасць нематэрыяльнай душы ў чалавеку». Для рашэння ж праблем з грахом, дадаў Павел Белавус, Бог даў сродак — «веру ў Хрыста і Яго кроў, пралітую за грахі людзей».

Крызіс сістэмы сямейных каштоўнасцяў

Даклад «Біяэтычныя, медыцынскія і дэмаграфічныя аспекты сучасных рэпрадуктыўных тэхналогій» агучыла Святлана Мазгунова, загадчыца аддзяленнем павышэння кваліфікацыі спецыялістаў з сярэдняй мед. адукацыяй, выкладчыца акушэрства і гінекалогіі Барысаўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа. Дакладчыца падкрэсліла, што «дэмаграфічны крызіс — гэта крызіс духоўны, сістэмы сямейных каштоўнасцяў, вайна на ментальным узроўні ў свядомасці чалавека, вынік праграм кантролю нараджальнасці». Прамоўца прапанавала мультымедыйную прэзентацыю, паказаўшы, што «быць урачом — значыць быць чалавекам».

«Сурагатная маці — гэта слабая жанчына, яна не дасць так шмат любові і цеплыні чужому дзіцяці, як магла б зрабіць гэта любячая яго маці… Гэта самая вялікая дэмаграфічная пагроза…», «Палавое выхаванне — гэта маральнае выхаванне з улікам полу. Няма іншага шляху, як устрыманне ад палавых сувязяў да шлюбу, захавання сужэнскай вернасці. Нішто не можа выключыць абортаў, разводаў, венерычных хваробаў, падлеткавых цяжарнасцяў, акрамя звароту да хрысціянскага ладу жыцця».

«Не — пагрозам, так — жыццю»

Даклад на тэму «Абарона жыцця ў сям’і» агучыў Іван Лубінскі, выкладчык кафедры філасофіі і паліталогіі БДМУ, які падкрэсліў, што сям'я мае важнае месца ў жыцці чалавека. Сям'я, згодна з намерам Стварыцеля, «з'яўляецца першым месцам гуманізацыі асобы і грамадства, калыскай жыцця і любові», таму яна «адыгрывае важнейшую ролю ў развіцці грамадства, з'яўляецца яго асноўнай ячэйкай».

Дакладчык распавёў пра пагрозы жыццю ў сям'і, асноўнай з якіх назваў развод. Развод «ніякім чынам не спрыяе прыняццю новага жыцця, прыносіць псіхалагічныя траўмы, разбурае жыццё мужа і жонкі, а таксама дзяцей».

Таксама існуюць пагрозы для жыцця і нараджэння дзіцяці. Дакладчык расказаў, што сёння многія выкарыстоўваюць абартыўныя сродкі, якія забіваюць жыццё і не дазваляюць зачацця. Вялікі ўрон здароўю ў сям’і наносяць многія залежнасці, сярод якіх дакладчык назваў алкагольную і нікацінавую.

Іван Лубінскі падкрэсліў, што ўклад у абарону жыцця можа ўнесці кожны чалавек, але павышаная адказнасць кладзецца на плечы ўрачоў, бо гэта іх прафесійны абавязак. Па словах дакладчыка, найперш «трэба сказаць цвёрдае не пагрозам жыццю, а гэта будзе магчыма толькі тады, калі чалавек задумаецца пра культуру ці цывілізацыю жыцця, якая павінна быць у хрысціяніна».

Даклад «Праўда пра стан хворых у тэрмінальнай стадыі» агучыла Данута Каваленка, мед. сястра кардыялагічнага аддзялення.

Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў кс. Уладзімір Гуляй. У гаміліі святар паразважаў пра духоўнасць у служэнні медыка, адзначыўшы, што ўрач — адна з самых унікальных прафесій, прызначэнне якой «максімальна супадае са справамі дабра, хрысціянскімі каштоўнасцямі міласэрнасці, чалавекалюбства і захавання жыцця». «Чалавеку можа дапамагчы той, хто сам здолеў аднавіць сваю цэласнасць, узяўшы пад кантроль пачуцці і думкі і зразумеўшы, як трэба жыць, імнуцца, думаць, адчуваць. І гэты вопыт ён перадасць іншым, каб аднаўляць цэласнасць чалавека, які ўспрымае свет і сябе ў ім як складана працуючы арганізм», — сказаў святар.

Падчас падвядзення вынікаў сустрэчы кс. Мікалай Ціхановіч заахвоціў удзельнікаў дзейнічаць у падтрымку жыцця і несці ў свет Евангелле жыцця.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2021 Catholic.by