У Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зацверджана таварыства свецкіх «Gloriosa Trinita» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.04.2013 15:57

20 красавіка ў лідскім Палацы культуры адбылacя Міжнародная кангрэгацыя каталіцкага евангелізацыйнага руху «Gloriosa Trinita». У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, духавенства, прадстаўнікі мясцовых уладаў, жыхары Ліды і навакольных мясцовасцяў, а таксама прадстаўнікі евангелізацыйнага руху «Gloriosa Trinita» з Польшчы, Італіі і Беларусі. Сваім удзелам парадаваў таксама заснавальнік руху — кс. Анджэй Свянцінскі, які цяпер працуе ў Італіі.

У размове з карэспандэнтам Catholic.by заснавальнік руху распавёў пра пачаткі і свае намеры ў гэтай справе. Як адзначыў святар, ідэя ўзнікнення таварыства з’явілася ў юбілейны год хрысціянства падчас перажывання рэкалекцый на Сіцыліі. Пасля вяртання з іх кс. Свянцінскі сабраў 12 асоб, якія на працягу 4 гадоў праходзілі спецыяльную фармацыю. У 2004 г. рух пачаў дзейнічаць у Мілане (Італія) і Ломжы (Польшча). «Беларусь — гэта ўжо трэцяя краіна, у якой рух быў афіцыйна зацверджаны біскупам», — дадаў святар.

«Галоўным палажэннем гэтага таварыства з’яўляецца евангелізацыя. Наш прынцып — быць там, дзе мы ёсць. Сваёй прысутнасцю хочам дасягнуць месцаў працы, выйсці на вуліцы і вакзалы, ісці да людзей, каб казаць ім пра дабрыню і міласэрнасць Бога, адзінага ў Тройцы. Гэты рух аб’ядноўвае свецкіх людзей і рэалізуе ўказанні Другога Ватыканскага Сабору — актыўна ўключыць свецкіх у жыццё і дзейнасць Касцёла, каб яны адчувалі сябе адказнымі за Касцёл, які самі ўтвараюць», — адзначыў кс. Свянцінскі.

Міжнародная сустрэча ў лідскім Палацы культуры прайшла пад дэвізам «Адкрыйце свае сэрцы, вера не толькі для абраных». Як адзначылі арганізатары на самым пачатку, гэта сустрэча з Богам і з іншым чалавекам для супольнага праслаўлення Бога.

Сустрэча распачалася малітвай праслаўлення, якую правяла супольнасць руху з лідскай парафіі Святой Сям’і. Таксама ў праграме была інсцэніроўка, удзельнікі якой звярнулі ўвагу на вялікую любоў Езуса да кожнага чалавека. Той, хто будзе заклікаць імя Езуса, той шчасце і паратунак атрымае навекі.

Ксёндз Юзаф Ханьчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, прапанаваў удзельнікам сустрэчы паразважаць над тэмай катэхезы: «Езус — наша шчасце». «Каб пачуць голас Бога, трэба найперш запрасіць Яго ў сваё жыццё, — дадаў кс. Ханьчыц. — Чым бліжэй мы да Бога, тым больш шчасця маем». Святар заахвоціў, каб усе людзі дазволілі Хрысту ўвайсці ў іх сэрца, у сем’і, у нашыя гарады і мястэчкі.

Уся сустрэча аздаблялася прыгожым спевам, які падтрымліваў атмасферу, дадаваў урачыстасці і быў адзінай вялікай малітвай праслаўлення.

Вялікай радасцю стала прыняцце дэкрэту, якім біскуп Кашкевіч устанавіў у Гродзенскай дыяцэзіі Прыватнае таварыства вернікаў «Gloriosa Trinita». У дэкрэце іерарх адзначае, што «ў сваёй дзейнасці таварыства будзе кіравацца правіламі кананічнага права, а таксама нормамі, якія знаходзяцца ва ўласным статуце».

Біскуп Кашкевіч звярнуўся да ўсіх удзельнікаў сустрэчы. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што Міжнародная кангрэгацыя руху «Gloriosa Trinita» праходзіць акурат у Год веры. «Такім чынам мы злучаемся з Паўсюдным Касцёлам у адкрыцці новай прыгажосці веры, якая з’яўляецца асабістай сустрэчай Бога з чалавекам. Сведчанне веры з’яўлецца асабліва істотным элементам харызмату ўсіх каталіцкіх рухаў і таварыстваў», — падкрэсліў іерарх.

Біскуп Кашкевіч падзякаваў усім удзельнікам руху, асабліва яго членам у Лідзе, за прыгожае сведчанне веры, якое даюць ужо больш за 7 гадоў.

«Вашае радаснае сведчанне пра тое, што належыце да Хрыста і крочыце ўслед за Ім, з’яўляецца каштоўным унёскам у справу новай евангелізацыі, а Добрая вестка такім чынам даходзіць да большай колькасці людзей», — працягваў біскуп.

Афіцыйнае зацвярджэнне руху «Gloriosa Trinita» ў Гродзенскай дыяцэзіі з’яўляецца, па словах іерарха, «пачаткам новага этапу ў яго дзейнасці». «Ад усяго сэрца віншую і жадаю кожнаму з вас шчодрых Божых ласкаў і моцы Святога Духа ў прыняцці новых выклікаў і пачынанняў. Няхай гэты чарговы этап дзейнасці супольнасці прыносіць плён яшчэ больш паспяховага абвяшчэння Добрай Навіны словамі і ўчынкамі», — пажадаў біскуп.

Поўны тэкст слова біскупа>>>

Даведка: «Gloriosa Trinita» — гэта міжнародная каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць, якая ўзнікла ў 2000 г. у Італіі. Праз чатыры гады намаганнямі кс. Анджэя Свянцінскага рух трапіў у Польшчу. Сёння ён існуе ў Італіі, Польшчы, Іспаніі, Бразіліі і Беларусі. У Беларусі рух «Gloriosa Trinita» ўжо некалькі гадоў існуе пры парафіі Святой Сям’і ў Лідзе і аб’ядноўвае некалькі сотняў чалавек.

Рух з’яўляецца прыватным таварыствам вернікаў, скіраваным перш за ўсё на семі’і і асобаў, прысвечаных Найсвяцейшай Тройцы, якая з’яўляецца прыкладам дасканалай сям’і. Сям’я як вобраз Найсвяцейшай Тройцы з’яўляецца прывілеяваным месцам, у якім нараджаецца і развіваецца святасць. Члены руху натхняюцца Найсвяцейшай Тройцай, крочачы да збаўлення і прыцягваючы за сабой усіх братоў, якія далучацца да гэтай справы.

Мэтай руху з’яўляецца ажыўленне веры ў сем’ях, у сэрцах усіх людзей. Таму яго ўдзельнікі жадаюць увайсці ў праблемы штодзённага жыцця сучаснага чалавека, выходзячы да яго на вуліцы.

Цэнтрам духоўнасці з’яўляецца Эўхарыстыя: Імша і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. З яе яны чэрпаюць сілы да штодзённага крочання з Езусам. Эўхарыстычная адарацыя з’яўляецца асабістай размовай з Богам, падчас якой могуць нарадзіцца важныя жыццёвыя рашэнні. Акрамя ціхай адарацыі, моляцца таксама падчас супольных адарацый з малітвай праслаўлення і спевамі.

Кс. Юрый Марціновіч

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by