80 вернікаў парафіі ў Крамяніцы атрымалі сакрамэнт канфірмацыі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
24.04.2013 10:39

Урачыстым, духоўна багатым і вельмі чаканым выдаўся аўторак 23 красавіка 2013 года для вернікаў парафіі Крамяніца і іх родных. У гэты дзень, ва ўспамін святога Юрыя, мучаніка, і ў парафіяльны адпуст святыні біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі 80 вернікам.

Святочная Імша пачалася з прывітальнага  слова дзяцей, моладзі, людзей старэйшага ўзросту да іерарха як выказванне вялікай радасці і пашаны ад таго, што сваім візітам біскуп благаславіў парафію і парафіян.

Шчырыя словы ўдзячнасці за гаючае Божае слова і самаадданую, бескарысную працу адрасавалі ўдзельнікі ўрачыстасці свайму пробашчу ксяндзу каноніку Кшыштафу Янасу. Дзякуючы яго нястомнаму клопату  пра сваіх парафіянаў, у касцёле ўстаноўлены новыя вітражы, пабудаваны каплічкі Крыжовага шляху Езуса Хрыста вакол касцёльнай званіцы — усё гэта іерарх асвяціў у гэты дзень.

Духоўныя каштоўнасці свята, арганізаванага ксяндзом пробашчам  і законнымі сёстрамі, дапамогуць вернікам наблізіцца да Бога і будаваць сваё жыццё згодна з Яго запаведзямі.

Антаніна Скуба

Канфірмацыя — сакрамэнт хрысціянскай сталасці ў Касцёле. У ім Езус Хрыстус удзяляе ахрышчаным Духа Святога, які ў дзень Пяцідзясятніцы быў праз Яго спасланы на Апосталаў. Кожны ахрышчаны можа і павінен прыняць сакрамэнт канфірмацыі. Удзяляе гэты сакрамэнт біскуп.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by