Сакрамэнт канфірмацыі ў Вялікай Бераставіцы: любіць Хрыста і Касцёл | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.04.2013 10:35

29 красавіка 2013 г. касцёл Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы стаў Вячэрнікам. На групу вернікаў гэтай парафіі, якія на працягу года ўдзельнічалі ў катэхезе, набажэнствах, святых Імшах, праз сакрамэнт канфірмацыі сышлі дары Духа Святога, якія дапамогуць ім штодзень вызнаваць сваю веру, бараніць яе і жыць паводле яе.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што дары Духа Святога патрэбныя асабліва маладому чалавеку, які жыве ў неспакойны час: «Дары Духа Святога сёння абавязковыя і вельмі патрэбныя, каб малады чалавек не згубіўся ў хаосе, а ўсведамляў, што з’яўляецца дзіцём самога Бога, каб заўсёды ўсведамляў, што з’яўляецца хрысціянінам, што належыць да вялікай сям’і Божых дзяцей».

З гаміліяй да сабраных звярнуўся кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі ў Вялікіх Эйсмантах. Святар запэўніў маладых людзей, што незалежна ад таго, што ў жыцці можа здарыцца, «трэба заўсёды памятаць, што ёсць хтосьці, хто вас любіць, хто стане на ваш бок і адкажа на ўсе вашыя пытанні».

На заканчэнне ўрачыстасці вернікі, якія атрымалі сакрамэнт духоўнай сталасці, выказалі ўдзячнасць Богу за гэты дар Духа Святога, і ўсім, хто дапамагаў у іх падрыхтоўцы. Паабяцалі таксама, што ад гэтай хвіліны будуць старацца падтрымліваць запалены Божы агонь, а таксама распальваць сэрцы іншых людзей, асабліва сваіх блізкіх, сяброў і знаёмых, будуць жывым Евангеллем для сучаснага чалавека і свету.

Пробашч парафіі ў Вялікай Бераставіцы а. Вальдэмар Слота CSsR, які рыхтаваў моладзь да сакрамэнту, заклікаў іх любіць Хрыста і Касцёл, а таксама штодзень мець адвагу несці крыж Хрыста ў свае дамы, месцы вучобы і працы.

Кс. Юрый Марціновіч

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by