Дыяцэзіяльны Дзень маці святкавалі ў Капцёўцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.05.2013 11:58

У першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца Дзень маці. У святынях дыяцэзіі вернікі моляцца за тых, хто даў ім жыццё, а для памерлых маці просяць вечнага шчасця ў небе. 5 мая ўрачыстасць адбылася на Узгорку надзеі ў Капцёўцы з удзелам маці, дзяцей, усіх, хто прыбыў у пешай пілігрымцы з Гродна, каб прасіць у Панны Марыі ласкаў для сваіх сем’яў.

У праграме ўрачыстасці былі канферэнцыі, малітва Ружанца, Крыжовы шлях, які ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Ключавым момантам святкавання стала літургія, якую цэлебраваў біскуп Велікаселец.

У гаміліі іерарх нагадаў, што ўсе людзі — дзеці Бога, які прагне людскіх сэрцаў. Біскуп падкрэсліў важнасць малітвы, якая з’яўляецца сродкам і абаронай супраць зла, дае радасць, нясе супакой у сэрца, узмацняе чалавека, а таксама адзначыў каштоўнасць Эўхарыстыі — фундаменту хрысціянскага жыцця. «Калі мы жывём без малітвы, без Пана Бога, у нашым жыцці валадарыць цемра, чалавек губляе сэнс жыцця, яго існаванне страчвае сваю мэту», — сказаў біскуп.
 
Іерарх заахвоціў вернікаў жыць з Богам кожны дзень і ставіць Яго на першае месца, «жыць так, каб стаць перад Богам з чыстай душой». Узгадваючы, што ў месяцы маі Касцёл асаблівым чынам ушаноўвае Панну Марыю, біскуп адзначыў, што «Маці Божая заклікае нас жыць з Богам», а таксама, звяртаючыся да ўсіх прысутных маці, падзякаваў ім за адданае служэнне сваім сем’ям, за працу, якую яны робяць для сваіх мужоў і дзяцей і якая часта застаецца незаўважанай.

У сваю чаргу вернікі выказалі шчырыя віншаванні біскупу Велікасельцу, які 5 мая адзначаў свой дзень нараджэння.

Таксама ў гэты дзень адбылася пешая пілігрымка з Ашмян у Баруны, дзе, звяртаючыся да Маці Божай, вернікі маліліся за ўсіх маці.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by