Кс. Павел Салабуда адзначаны падзякай Тэлерадыёкампаніі «Гродна» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.05.2013 13:50

Адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі кс. Павел Салабуда, а таксама прэс-служба дыяцэзіі за сваю журналісцкую працу атрымалі падзяку ад імя дырэктара Тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалая Мельячэнкі.

Ліст падзякі каталіцкім журналістам Гродзенскай дыяцэзіі прыйшоў напярэдадні 7 мая — прафесійнага свята працаўнікоў радыё, тэлебачання і сувязі.

«Дыяцэзія асвячае сваё жыццё на высокім узроўні, і мы спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва», — цытуе Тэлерадыёкампанію «Гродна» каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі grodnensis.by.

«Гэта вельмі прыемная падзяка і ўзнагарода не толькі для мяне, але і для тых, хто працуе ў нашых дыяцэзіяльных СМІ. Гэта вялікая група людзей, прафесіяналаў, якія сваёй працай евангелізуюць наш народ. Хачу таксама падкрэсліць, што каталіцкія СМІ ў нашым горадзе маюць глыбокія карані, бо тут жыў і працаваў св. Максімільян Марыя Кольбэ, які выдаваў „Рыцар Беззаганнай“», — адзначыў кс. Павел.

У Гродзенскай дыяцэзіі знаходзіцца Тэлевізійны цэнтр Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, які рыхтуе тэлеперадачу «Сімвал Веры» на «Беларусь-2». Акрамя гэтага ў дыяцэзіі выходзіць газета «Слова жыцця», працуе дыяцэзіяльны сайт, для польскай секцыі Гродзенскага радыё тут рыхтуецца праграма «Голас Евангелля».

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by