«Малымі крокамі да вялікіх мэтаў»: у Смаргоні прайшлі рэкалекцыі для моладзі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.05.2013 17:51

У парафіі Святога Міхаіла Арханёла ў Смаргоні 4–5 мая прайшлі рэкалекцыі «добрай смерці». Гэтую традыцыю ўстанавіў яшчэ святы Ян Боска, які кожны месяц з хлопцамі з араторыя праводзіў дні духоўнага аднаўлення і ачышчэння. Традыцыя амаль не змянілася: таксама і сёння гэта споведзь, разважанні над уласным жыццём і магчымасць спыніцца і задумацца над будучыняй.

Каля 30 маладых людзей з Мінска, Смаргоні і Дзятлава разам з кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, кс. Іванам Огар SDB і с. Ірынай Барцэвіч FMA разважалі над тэмай рэкалекцый «Малымі крокамі да вялікіх мэтаў». Святары заклікалі моладзь вучыцца бачыць Бога ў маленькіх рэчах, ставіць перад сабою рэальныя мэты і ісці да іх кожны дзень. Як адзначалася, сустракаючыся з Богам кожны дзень, заўважаючы Яго знакі любові, мы будзем кіруемымі Богам. Бог вучыць глядзець пазітыўна на тое, што мы робім, а прыкладам жыцця разам з Ім, бачання свету Яго вычыма з’яўляецца Панна Марыя.

У сучасным свеце малады чалавек нярэдка апатычны, яму нічога не хочацца рабіць, няма сіл. Рэкалекцыі «добрай смерці» — гэта выклік моладзі сказаць «стоп» віртуальнаму жыццю, жыццёваму «флэшмобу», а пачаць жыць рэальным жыццём, поўным любові і шчасця.

Вераніка Ярмак

 

 
 
 
Фота кс. Паўла Шчарбіцкага SDB

 

 
© 2003-2024 Catholic.by