Вернікі гродзенскай парафіі прынялі сакрамэнт канфірмацыі з рук біскупа Кашкевіча | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.05.2013 13:59

12 мая вернікі гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа падчас урачыстай святой Імшы атрымалі сакрамэнт канфірмацыі, які ўдзяліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На літургіі прысутнічаў дэкан дэканату Гродна – Захад кс. прэлат Юзаф Трубовіч, іншыя святары, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваімі выхаваўцамі, блізкія і родныя кандыдатаў.

На пачатку літургіі біскупа прывітаў пробашч парафіі кс. прэлат Антоні Ханька, які выказаў вялікую радасць з прысутнасці пастыра Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Словы прывітання скіравалі таксама дзеці.

У гаміліі кс. Раман Катлімоўскі заахвоціў, каб кандыдаты не баяліся даверыцца Хрысту ў сваёй штодзённасці і не саромеліся Крыжа, але каб кожны дзень ішлі за ім і такім чынам давалі сведчанне сваёй веры ў кожным месцы.

На заканчэнне ўрачыстасці тыя, хто атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, падзякавалі іерарху і выказалі абяцанне, што будуць старацца верна ісці за Хрыстом і трываць пры Ім.

Кс. Ян Раманоўскі

 
© 2003-2022 Catholic.by