Ружанец праз скайп у Гродзенскай дыяцэзіі: адчуць веліч супольнасці | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.10.2013 20:39

12 кастрычніка, калі Паўсюдны Касцёл духоўна злучаўся з Рымам, перажываючы ў рамках Года веры Марыйны дзень, на ружанцовай малітве праз скайп з’ядналася моладзь 5 гарадоў Гродзенскай дыяцэзіі: Гродна, Ліды, Астраўца, Іўя і Вялікай Бераставіцы.

Ініцыятарам акцыі, якая адбылася ўжо ў трэці раз, было душпастырства студэнцкай моладзі Гродна „Open”. Галоўным дэвізам сёлетняга супольнага Ружанца з’яўлялicя словы: „Няхай Беззаганнае Сэрца Марыі зменiць свет”. Моладзь дыяцэзіі сабралася на малітву суботнім вечaрам, каб разам з Марыяй шукаць сэнс жыцця ў праўдзе, дабрыні і нявіннасці.

Падчас Ружанца моладзь малілася за Святога Айца Францішка, за Касцёл, рассеяны па ўсім свеце, асабліва за вернікаў нашай краіны, і за маладых людзей усёй зямлі. Жаданнем удзельнікаў малітвы было тое, каб у свеце і ў сэрцах людзей запанавала еднасць.

Cустрэча распачалася святой Імшой у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, якую ўзначаліў душпастыр студэнцкай моладзі кс. Антоні Грэмза. У гаміліі святар адзначыў, што ў сённяшні нялёгкі для чалавецтва час існуе патрэба «большай сувязі з Богам, каб супрацьстаяць сіле зла і спакусам гэтага свету».

Святар заахвоціў маладых вернікаў не баяцца штодзень жыць навукай Евангелля, не мець бар’ераў у імкненні да святасці, да якой запрашае сам Хрыстус.

«Наша сіла ў малітве, дзякуючы якой мы можам адчуць веліч нашай супольнасці», — адзначыў кс. Грэмза, кажучы пра ружанцовую малітву праз скайп, і дадаў, што інтэрнэт і новыя тэхналогіі павінны служыць чалавеку ў духоўным развіцці, а ні ў якім разе не весці да зняволення.

Пасля Імшы моладзь малілася Ружанец, спявала, славячы Бога і маючы магчымасць адчуць супольнасць Божых дзяцей, рассеяных па свеце. Праз скайп маладыя вернікі ў розных парафіях ўключыліся ў разважанне ружанцовых таямніц.

Пасля малітвы маладыя людзі таксама з дапамогай інтэрнэту вялі доўгія размовы, падкрэсліваючы каштоўнасць малітвы і неабходнасць яе ў жыцці кожнага, а таксама выказвалі пажаданні адзін аднаму.
 
(JM)

 
© 2003-2024 Catholic.by