Бэтлеемскі агонь дастаўлены ў Гродна | | Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
20.12.2013 19:46 |
20 снежня ў Гродна прыбыў Бэтлеемскі агонь, які даставілі з беларуска-польскай мяжы скаўты. У гродзенскім катэдральным касцёле яго сустрэў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На вітанне агню прыбылі скаўты з розных месцаў Беларусі, каб адвезці яго ў свае святыні. Сабраліся таксама вернікі Гродна, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, каб ён нагадваў аб Уцелаўленні Божага Сына. Біскуп Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой, кажучы пра сустрэчу Бэтлеемскага агню, сказаў: “Гэта вялікая радасць, і жадаю, каб агонь Божай любові і супакою загарэўся ў нашых сэрцах”. Вандроўка Бэтлеемскага агню кожны год праходзіць пад пэўным дэвізам. Сёлета гэта словы: "Выйдзі з ценю. Пакажы дабро!" Гэта заклік стаць лепшым, запрашэнне да працы над сабой, да патрабавання большага ад сябе, бо толькі сапраўдны прыклад цягне за сабой іншых. Традыцыю распасюўджвання Бэтлеемскага агню пачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь ў месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у Вене агонь перадаецца ў суседнія краіны. У гэтым годзе Бэтлеемскі агонь прыбывае ў Беларусь у чатырнаццаты раз. (JM), (AG) |