І ў Беларусі святар праспяваў «Аллелюя» для маладых пасля ўдзялення сакрамэнту сужэнства | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.07.2014 13:24

Пробашч рыма-каталіцкай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме ксёндз Ігар Анісімаў праспяваў для маладых пасля ўдзялення сакрамэнту сужэнства знакамітую песню «Аллелюя» Леанарда Коэна на рускай мове. Нагадаем, нядаўна каталіцкі святар з Ірландыі стаў знакамітасцю на YouTube пасля таго, як праспяваў «Аллелюя» на шлюбе пары ў яго парафіі і набраў дзясяткі мільёнаў праглядаў.

Як і ў выпадку з ірландскімі сужэнцамі, беларуская пара і вернікі былі ў шоку ад сюрпрызу. У канцы песні нявеста нават заплакала, а ўвесь касцёл запляскаў.

Ксёндз Ігар Анісімаў родам з Магнітагорска (Расія), пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння ў 2001 годзе служыў у Лідзе і сельскай парафіі Гродзенскай дыяцэзіі, цяпер з'яўляецца пробашчам касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Слоніме. У гэтым годзе святару спаўняецца 40 гадоў, а свой пеўчы талент ён развівае яшчэ з маладосці. Падчас вучобы ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ён спяваў у складзе групы «Ave».

 

Паводле katolik-gomel.by

(AYU)

 

 
© 2003-2025 Catholic.by