Пра некаторыя змены ў семінарыі ў Гродне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
13.08.2014 12:49

4 жнiўня 2014 г. рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча новым пракуратарам (адказным за гаспадарчыя справы) Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прызначаны кс. Валерый Аброшка. Святар замяніў кс. Аляксандра Сасноўскага, які знаходзіўся на гэтай пасадзе з 2006 г., руплiва клапоцячыся пра штодзённае жыццё семінарыйнай супольнасці.

Ксёндз Валерый Аброшка нарадзіўся 19 сакавіка 1981 г. у в. Равятычы (парафія ў в. Новы Двор) Шчучынскага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. У 1998 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне.

16 лістапада 2004 г. прыняў дыяканскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча. Пасля заканчэння семінарыі праходзіў гадавую дыяканскую практыку ў парафіях Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах і Маці Божай Ружанцовай у Радуні.

28 мая 2005 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Два гады служыў вікарыем у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Ашмянах і год адміністратарам у парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Граўжышках.

У 2008 г. быў скіраваны на вучобу на факультэт сацыяльных навук Люблінскага ўніверсітэта.

Таксама 31 ліпеня 2014 г. новым рэктарам семінарыі ў Гродне быў прызначаны ксёндз Раман Рачко, які замяніў на гэтай пасадзе дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага.

(JM)

 
© 2003-2025 Catholic.by