Навагодняя сустрэча «Таварыства Святой Сям’і з Назарэта» прайшла ў Навагрудку | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.01.2015 12:43

З 31 снежня па 2 студзеня ў Навагрудку ў кляштары сясцёр назарэтанак адбылася сустрэча «Таварыства Святой Сям’і з Назарэта». У сустрэчы, якую праводзілі сёстры назарэнтанкі і кс. Аляксандр Фаміных, прыняло ўдзел каля 40 чалавек — сем’і з Гродна, Смаргоні і Навагрудка.

Падчас сустрэчы Таварыства павялічылася яшчэ на аднаго члена — Віктара Цяханскага са Смаргоні.

Сем’і сустракалі Новы год у капліцы — падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і Эўхарыстыі. Гэтай традыцыі сёлета споўнілася ўжо шосты год.

Падчас Эўхарыстыі кожная сям’я «атрымала» свайго святога апекуна (картку з іменем святога з інтэнцыяй на гэты год), які будзе апекавацца гэтай сям’ёй на працягу года. Затым адбыўся традыцыйны карнавал.

На наступны дзень адбылася латарэя, кожны ўдзельнік якой атрымаў падарунак. Сустрэча прайшла ў атмасферы любові, радасці і сямейнага цяпла.

С. Марыянна Алешчык CSFN

 
© 2003-2025 Catholic.by