У першую нядзелю новага года біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў Імшу ў Малой Бераставіцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.01.2015 17:16

4 студзеня, у першую нядзелю новага 2015 г., дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі цэлебраваў святую Імшу ў парафіі Св. Антонія з Падуі ў Малой Бераставіцы (Гродзенская дыяцэзія). Нагодай для сустрэчы іерарха з мясцовымі вернікамі стала і тое, што ў гэты дзень пробашч парафіі кс. Андрэй Казлоўскі святкаваў 40-годдзе.

Кажучы пра святы Божага Нараджэння, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў у гаміліі, што ў гэты час свет, занепакоены шматлікімі праблемамі, падобны да дзіцяці, якое дрыжыць і непакоіцца перад цяжкасцямі і невядомай будучыняй, але дастаткова бацькоўскага дотыку далоні да яго пляча, як яно супакойваецца і атрымлівае ўпэўненасць, каб ісці наперад. Так, па словах іерарха, адбываецца з кожным, хто набліжаецца да бэтлеемскай стаенкі: “Бог дакранаецца да нас сваёй ласкай, супакойвае і суправаджае, і мы гэта адчуваем”.

Таксама біскуп заўважыў, што Малая Бераставіца адметная месцам спаткання з Богам – сваім парафіяльным касцёлам, і заахвоціў вернікаў дзяліцца гэтым спатканнем з усімі людзьмі.

Звяртаючыся да пробашча парафіі, іерарх заахвоціў яго верна крочыць за Богам, падзякаваў яго бацькам – Станіславу і Багуміле Казлоўскім – за выхаванне сына і прыклад веры.

Паколькі ксёндз Андрэй Казлоўкі абслугоўвае таксама капліцу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Масалянах, дзе сённяшні біскуп Юзаф Станеўскі ў 1995 г. цэлебраваў прыміцыйную Імшу, гэта стала добрай нагодай для падзякі іерарха вернікам за малітву.

Біскуп дадаў, што прыбывае сюды, каб умацаваць прыміцыйнае благаслаўленне благаслаўленнем поўні святарства, так патрэбным сучснаму чалавеку.

Пры ўдзяленні благаслаўлення іерарх раздаў вернікам абразкі Святой сям’і з Назарэта, заахвочваючы, каб з яе прыкладу сучасныя сем’і чэрпалі сілы.

(JM)

 
© 2003-2025 Catholic.by