Пахаванне маладой законнай сястры адбылося ў Каменцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.01.2015 14:38

5 студзеня ў парафіі Св. Антонія Падуанскага і Аб’яўлення Пана ў Каменцы адбыліся ўрачыстасці пахавання с. Міхаліны (Крыстыны Васіевай) з супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай). Сястра Міхаліна пражыла 27 гадоў, з якіх 9 правяла ў законнай супольнасці, была наймалодшай у супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці; адышла ў вечнасць 2 студзеня.

Пахавальныя ўрачыстасці ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. За спачылую маліліся таксама святары, сёстры законныя, семінарысты, прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, вернікі.

На пачатку Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў: “Раптоўны адыход маладога чалавека выклікае ў нас вялікія пакуты і боль. Аднак бальзамам на гэтыя раны павінна быць наша малітва. Надзеяй павінен быць Уваскрослы Езус Хрыстус”.

“Сястра Міхаліна пачула голас Хрыста, які яе паклікаў, каб служыла ў Яго Касцёле, спаўняючы евангельскія рады, абіраючы ўбоства, паслухмянасць, чысціню. Рэалізуючы свае шлюбы, яна хацела быь вернай Хрысту”, - дадаў біскуп.

“Яна пражыла няшмат гадоў, але, відавочна, была палічана дасканалай, каб увайсці ў брамы Валадарства нашага Пана”, - сказаў гродзенскі ардынарый.



 

“Бог пажадаў ахвяры”

Гамілію падчас Імшы прамовіў дэкан Смаргонскі кс. Здзіслаў Ведэр SDB. Святар адзначыў, што “расстанне з чалавекам вельмі цяжкае, але мы павінны глядзець на ўсё вачыма Езуса Хрыста, вачыма веры”, а таксама што з момантам смерці спачылы не перастаў існаваць, а “адышоў дадому”.

“Бог стварыў нас навечна, мы ніколі не перастанем існаваць”, - падкрэсліў святар, дадаўшы, што аб гэтай праўдзе чалавек павінен памятаць заўсёды.

Кажучы пра спачылую законніцу, святар адзначыў: “Яна адышла па ўзнагароду да Пана за нялёгкае жыццё ў дзяцінстве, за вернасць Богу, за тое, што велікадушна пайшла за голасам паклікання, перажыла ўсё, што напаткала яе ў жыцці, без наракання, без прэтэнзій, аддала сваё жыццё Богу, спаўняючы заданні, да якіх яе паслала паслушэнства”.

На заканчэнне Імшы ад імя ўсіх законніц супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці прысутным падзякавала за малітву галоўная настаяцельніца с. Фаўстына Цыдзік, адзначыўшы, што так, як Бог пажадаў ад Абрагама, каб ён прынёс у ахвяру свайго сына Ісаака, гэтак жа пажадаў ахвяры і ад іх супольнасці. “Ён абраў наймалодшую, поўную энергіі і жыцця, на сваю ахвяру. Калі глядзець па-чалавечы, гэта балюча, але такой, відавочна, была Божая воля. Няхай Бог будзе ў гэтым праслаўлены, бо ўсё, што адбываецца, дзеецца з Яго святой волі”, - сказала галоўная настаяцельніца.



 

Склала найпрыгажэйшы дар – жыццё

Пасля Імшы адбыліся апошнія пахавальныя малітвы ў святыні і працэсія на могілкі.

Сястра Міхаліна неспадзявана памерла 2 студзеня ў шпіталі ў Смаргоні. Паходзіла з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзярэчыне (Гродзенская дыяцэзія). У апошні час служыла ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Солах, дзе выконвала абавязкі катэхеткі і арганісткі. Яе асабліва любілі дзеці і моладзь, пацвярджэннем чаго стаў удзел шматлікіх вернікаў у святыні ў Солах 3 студзеня ў Імшы за спачылую законніцу.

Законная сястра адышла ў вечнасць у перыяд Божага Нараджэння. Яна яшчэ дапамагала ў парафіі ў Солах рыхтаваць дэкарацыі на святы, хацела сама ісці да стаенкі Дзіцяткі Езуса. Можна сказаць, што ў шэрагу тых, якія ішлі да нованароджанага Божага Дзіцяці, пасля анёлаў і пастухоў, прыйшла таксама і яна і ў сваёй ахвяры прынесла Хрысту найпрыгажэйшы дар: сваё маладое жыццё.

Кс. Юрый Марціновіч


 
© 2003-2025 Catholic.by