Аплатковая сустрэча Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі «OPEN» прайшла ў Гродне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.01.2015 12:55

8 студзеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі (пабрыгідскім) адбылася традыцыйная аплатковая сустрэча Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі Гродна «OPEN». Шматлікія ўдзельнікі сустрэліся спачатку на святой Імшы, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Іерарх упершыню сустрэўся з гродзенскім душпастырствам моладзі ў якасці біскупа, таму на пачатку Імшы сказаў: “Я прыбыў, каб убачыць вашу маладосць, а адначасова чэрпаць маладосць і радасць у Пану”. Гэтую радасць у святочны перыяд, як дадаў біскуп, кожны можа знайсці ў Бэтлееме, дзе “радасць, маладосць і весялосць, бо там моц Бога: Бог стаўся чалавекам, каб мы былі падобныя да Яго”. Іерарх заахвоціў прысутных да малітвы за ўсіх маладых людзей, каб тыя маглі распазнаць Пана і знайсці свой шлях да Бэтлеема.

Запаліць іншых агнём любові і веры

 

У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся, як адзначыў, да “пакалення, адказнага за Касцёл”, заахвоціў разам з усім Касцёлам яшчэ раз зірнуць на тое, што адбылося больш за дзве тысячы гадоў таму ў Бэтлееме.

“Кожны мае свой шлях да Бэтлеема, і кожны мае сваё разуменне. Трэба з верай прыняць тое, што гэта Божы Сын”, - падсумаваў іерарх. Па словах біскупа, найважнейшым для чалавека з’яўляецца тое, каб Бог нарадзіўся ў яго сэрцы і душы.

“Вельмі важна распазнаць Бога Стварыцеля, які нас стварыў і дакранаецца да нас сваёй любоўю, прыйшоў да нас як малое Дзіцятка, каб узрушыць нашы сэрцы, волю”, - адзначыў біскуп.

Іерарх заклікаў маладых людзей прыкладам свайго жыцця і паводзінаў змяняць аблічча свету. Найважнейшая рэч у гэтым, па словах біскупа, - “працэс перамянення, які трэба пачаць ад самога сябе”. “Сёння, калі мы глядзім на свет, што вакол нас, нам трэба спытаць у саміх сябе: хто яшчэ быў запалены ад агню маёй любові і веры? – падкрэсліў іерарх. – Важна, каб мы ўмелі падзяліцца верай з тымі, якія яшчэ не маюць гэтай веры, яшчэ не сталі на шлях збаўлення. Нам трэба гучна засведчыць аб сваёй прыналежнасці да Касцёла”.

На заканчэнне гаміліі біскуп пажадаў усім прысутным жыць і паступаць так, каб наступныя пакаленні распазнавалі іх па ўчынках.

Пасля Імшы моладзь разам спявала калядкі. Спеў калядак – характэрная рыса перыяду святаў Нараджэння Пана, калядкі нясуць глыбокую праўду пра Бога, які прыйшоў на зямлю ў чалавечым целе; у іх укрыта галоўнае пасланне Нараджэння Пана.

 

Завяршыла сустрэчу дзяленне аплаткай і шчырыя віншаванні. Душпастыр моладзі кс. Антоні Грэмза пажадаў маладым людзям кожны дзень нанова знаходзіць Бога і хацець супрацоўнічаць з Яго ласкай. Таксама святар выказаў надзею, што Душпастырства студэнцкай і працуючай моладзі ў гэты новы каляндарны год папоўніцца новымі ўдзельнікамі. Гэтай аплатковай сустрэчай моладзь пачала чарговы фармацыйны год у душпастырстве.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by