У капліцы гродзенскай семінарыі адбылася ўрачыстая Імша з нагоды 85-годдзя кс. прэлата Ежы Лявінскага |
| Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
17.01.2015 16:45 |
10 студзеня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 85-гадовага юбілею ксяндза прэлата Ежы Лявінскага.
Ксёндз прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі нарадзіўся 2 студзеня 1930 года ў мястэчку Дзятлава Гродзенскай вобласці. З прыходам савецкай улады сям’я будучага святара, як і многія сем’і, была вымушана выехаць у Казахстан, дзе ён правёў сваё дзяцінства. Пасля сям’я пераехала ў горад Радам (Польшча). Пасля заканчэння ліцэя будучы святар вучыўся ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Сандомежы. 29 мая 1955 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук біскупа Яна Кенцкага Лорка. 6 гадоў выконваў душпастырскія абавязкі, затым быў накіраваны на вучобу ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт. Пасля яго заканчэння абараніў у Любліне доктарскую дысертацыю па кананічным праве і шмат гадоў працаваў у дыяцэзіяльнай курыі ў Сандомежы.
У 1991 годзе, калі Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне ў першы раз адчыніла свае дзверы, ксяндза прэлата запрасілі працаваць выкладчыкам. З першых гадоў існавання семінарыі да сённяшняга дня святар з’яўляецца выкладчыкам розных навуковых дысцыплін.
У гаміліі ксёндз прэлат узгадаў пра цяжкасці і асаблівасці фармавання навучэнцаў на працягу гадоў існавання семінарыі, а таксама падзяліўся сваім багатым святарскім досведам – амаль 60 гадоў служэння ад Польшчы праз Урал да Казахстана. На сённяшні дзень ксёндз прэлат Ежы Лявінскі з’яўляецца найстарэйшым выкладчыкам кананічнага права ў гэтай семінарыі.
Вясной адзначыць 85-гадовы юбілей таксама ксёндз Тадэвуш Вышынскі, які больш за дваццаць гадоў з’яўляецца выкладчыкам тэалогіі, касцёльнай музыкі і спеваў.
Паводле www.wsd.grodnensis.by (AG) Фота www.wsd.grodnensis.by
|