25-годдзе законнага жыцця с. Марыі Бялюк адзначылі ў Гродне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.02.2015 15:24

7 лютага ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гродне адзначалася 25-годдзе законнага жыцця с. Марыі Бялюк з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, у ёй прынялі ўдзел святары, сёстры назарэтанкі, родныя с. Марыі Бялюк.

Сабраныя дзякавалі Богу за дар яе паклікання, за тое, што калісьці Ён зірнуў на яе з любоўю, сказаўшы: “Ідзі за Мной”, даў ёй дастаткова сіл і адвагі, каб, пачуўшы Яго голас, яна магла адказаць “так”.

Перад тым, як пайсці ў кляштар, сястра Марыя Бялюк служыла хворым у якасці медсястры, а потым пажадала іншага служэння, яшчэ больш ахвярнага і дасканалага. Голас выключнай любові да Бога аказаўся для яе мацнейшым за голас свету. Законніца працавала на кухні ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, сакратаркай у Гродзенскай курыі, працавала ў Апостальскай нунцыятуры ў Мінску, служыла ў Шчучыне і Маладзечне.

“Як вучні Хрыста мы павінны наследаваць Яго ў нашым жыцці, - сказаў у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч. – Толькі тады наша жыццё атрымае поўны сэнс, асаблівы кшталт, згодны з Божай задумай. Такім ёсць пакліканне кожнага хрысціяніна, але асаблівым чынам гэта бачна ў кансэкраваным жыцці. Кансэкраваныя асобы пакліканы да таго, каб у сваім жыцці стаць поўнасцю падобнымі да Хрыста і такім чынам быць “соллю зямлі і святлом свету””.

“Можна сказаць, што законнае жыццё нараджаецца з сустрэчы любові Хрыста, які абірае і кліча некаторых людзей да рэалізацыі гэтага асаблівага паклікання ў сваім Касцёле, і любові чалавека, які, адораны Хрыстовай ласкай, адказвае Пану свядома і дабравольна: “Вось я, пашлі мяне””, - дадаў іерарх.

Гродзенскі ардынарый нагадаў, што, складаючы законныя шлюбы, кансэкраваная асоба рашаецца “ўчыніць сваё жыццё выключнай уласнасцю Хрыста Пана”: “Толькі Хрыстус мае права быць яе адзінай Любоўю, і аб гэтай Любові законнік ці законніца павінен сведчыць і дзяліцца ёю, ідучы са служэннем да іншага чалавека”.

“Законнае жыццё з’яўляецца ўзбагачэннем не толькі для самога пакліканага – яно ёсць дарам для нас усіх, для ўсяго Касцёла”, - заўважыў біскуп.

“Пайсці за Хрыстом азначае ўзяць на сябе крыж, таму не будзем падманваць сябе, быццам на шляху нашага служэння мы спаткаем толькі павагу, разуменне, лёгкае і бесклапотнае жыццё, - звярнуў увагу іерарх. – Але менавіта ў гэтым – як вучыць нас Папа Францішак – “мы павінны знаходзіць дасканалую радасць, навучыцца распазнаваць аблічча Хрыста, […] які з любові да нас не адверг цярпення крыжа”.
    
Біскуп Аляксандр Кашкевіч асабліва падзякаваў сястры Марыі Бялюк за яе сённяшняе ахвярнае і адданае служэнне ў Гродзенскай курыі.

Іерарх пажадаў, каб добры Бог адарыў яе “шчодрасцю сваіх ласкаў і надалей вёў у сваім Провідзе шляхам законнага паклікання”. “Гэты шлях не з’яўляецца лёгкім, і кожны пакліканы не раз зведвае цяжкасці, цярпенні, - адзначыў гродзенскі ардынарый. - Няхай Марыя, Найсвяцейшая Маці, якая адказала Пану сваё fiat i верна яго рэалізоўвала праз усё жыццё, падтрымлівае сястру сваім заступніцтвам у радасным і поўным веры спаўненні Божай волі”.

(JM), (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by