У Сапоцкіне адзначылі парафіяльны Дзень хворых | | Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
12.02.2015 18:59 |
У парафіі ўжо шмат гадоў служаць манахіні серафіткі з Супольнасці Сясцёр Маці Божай Балеснай, якія атачаюць хворых сваёю ласкай і клопатам, рэгулярна адведчаючы і дапамагаючы ім. Арганізатары паклапаціліся пра транспарт, каб кожны, хто можа, змог наведаць святыню ў гэты дзень. Для гэтага з усіх вёсак, якія належаць да парафіі, былі давезены ўсе ахвотныя. Ужо з 13.00 касцёл пачаў запаўняць — і неўзабаве распаўсюдзіўся на ўсю святыню — спеў «Авэ Марыя». Радкі з песні «Авэ, Авэ, Авэ Марыя… Няхай абудзіць Цябе да літасці плач сірот». Не часта пачуеш такі спеў ў святыні! Кволыя, пажылыя і самотныя людзі з запалам, верай, любоўю і даверам адкрывалі перад Богам сваю душу ў гэтай песні. Гэта штосьці непаўторнае! Атмасфера дня западае глыбока ў памяць і дапамагае ў часта няпростай штодзённасці. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, канцэлебравалі кс. Раман Катлімоўскі і пробашч парафіі кс. Антоній Абухоўскі.
Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых і былі асвечаны лекі. Кожны хворы атрымаў асабістае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, а ў падарунак — шакалад. Адчувальнай была праца і сацыяльных работнікаў, якія дапамагалі хворым даехаць да святыні і суправаджалі іх на месцы. Моладзь і дзеці сярэдняй школы ў Сапоцкіне спецыяльна з нагоды Дня хворых падрыхтавалі прыгожыя паштоўкі з падпісанымі на іх словамі падтрымкі хворым людзям. Біскуп заахвоціў, каб свае цярпенні хворыя ахвяравалі таксама ў інтэнцыі ўмацавання Касцёла, а таксама за людзей, якія жывуць асобна ад Касцёла і не з’яўляюцца практыкуючымі вернікамі. Узнятыя ў духу і ўзмоцненыя ў Богу, людзі вярталіся ў сваю штодзённасць з удзячнасцю, а галоўнае — узмоцненымі духоўна. (SZ)
|