Біскупы Гродзенскай дыяцэзіі наведалі фінальны канцэрт праваслаўнага фестывалю «Каложскі дабравест» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.02.2015 12:04

У Гродзенскім драмтэатры прайшла цырымонія закрыцця фестываля «Каложскі дабравест», якую наведалі і каталіцкія іерархі — біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

На закрыцці фестывалю былі ўзнагароджаны пераможцы. Рашэннем журы галоўны прыз быў прысуджаны студэнцкаму хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Інэсы Бадзяка. Пра гэта паведамляе orthos.org.

Мэта фестывалю, як адзначыў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, — «дапамагчы сустрэцца з Богам і адзін з адным». «Мы бачылі розныя калектывы, мы бачылі розныя нацыянальныя традыцыі, але ўсіх аб’ядноўвала адно — вера. Ніякая ідэалагічная, палітычная структура не ў стане аб’яднаць людзей так, як аб’яднае іх вера ў Хрыста — рэлігія, якая яднае Бога і чалавека, а таксама людзей паміж сабой. І вось такую еднасць мы назіралі падчас фестывалю», - сказаў іерарх.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка фестывалю Уладзіміра Лябецкага, у гэтым годзе «Каложскі дабравест» пашырыў сваю геаграфію. Удзел у ім прынялі каля 40 свецкіх і царкоўных калектываў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Румыніі. Упершыню прыехалі ўдзельнікі з Грузіі і Малдовы.

 



Акрамя таго, сёлетні фестываль стаў самым працяглым за ўсю гісторыю яго правядзення. Выстаўка факсімільных выданняў старажытных кніг, вечар духоўнай паэзіі, кіналекторый, выстаўка сучаснай іконы і аўтарскай фатаграфіі, шмат добрай музыкі ў выкананні ўдзельнікаў — усе гэтыя падзеі адбыліся ў межах XIV Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў.

(AYU)


 
© 2003-2025 Catholic.by