Крыжовы шлях вуліцамі горада адбыўся ў Гродне: размова душы з Богам | | Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
30.03.2015 15:11 |
Перад урачыстай працэсіяй, у якой ад стацыі да стацыі крыж неслі прадстаўнікі розных парафій Гродна, удзельнікі набажэнства сабраліся на Імшы ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскi Аляксандр Кашкевіч.
Сёлетні Крыжовы шлях у Гродне пачаўся ад катэдральнага касцёла і праходзіў праз Савецкую плошчу, а затым на пабернардынскі ўзгорак, дзе ў касцёле Адшукання Святога Крыжа і завяршылася набажэнства, адбылося рассыланне ўдзельнікаў, якіх заклікалі, калі вернуцца дадому, даваць сведчанне веры. Падчас Крыжовага шляху да крыжа падыходзілі прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, што ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ў навучальных установах Гродна. Разважанні ў гэтым годзе падрыхтавала моладзь з Душпастырства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна „Open” пад кіраўніцтвам свайго душпастыра. Разважанні мелі форму дыялогу чалавечай душы з Богам. Падчас кожнай стацыі разважалася над сучаснымі хваробамі чалавечай душы.
Гаварылася пра грахі, якія нясуць вялікую пагрозу для сучаснага чалавека, пра тое, як пазбегнуць іх. Падкрэлівалася, што толькі Хрыстус з’яўляецца Лекарам душы, якая лёгка можа захварэць, што толькі Ён можа вывесці чалавека з няволі граху, з пыхі, эгаізму i розных залежнасцяў - трэба толькі адкрыцца на Божую ласку і пачаць актыўнае супрацоўніцтва з Богам, даверыцца Яму цалкам, і тады Бог зможа здзейсніць цуд духоўнага і фізічнага аздараўлення. |