Крыжовы шлях вуліцамі Іўя: ісці за крыжам да збаўлення |
| Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
02.04.2015 17:17 |
2 красавіка ў Іўі адбыўся Крыжовы шлях вуліцамі горада. Набажэнства сабрала вялікую колькасць удзельнікаў, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е – дождж і мокры снег. Крыжовы шлях па традыцыі пачаўся каля капліцы на могілках.
Падчас набажэнства крыж неслі прадстаўнікі розных узроставых катэгорый і розных прафесій. Ксёндз дэкан Ян Гавецкі заахвоціў удзельнікаў падчас Крыжовага шляху дакрануцца да крыжа, каб хаця б на момант адчуць яго цяжар на сваіх плячах і такім чынам з’яднацца з церпячым Хрыстом.
Разважанні Крыжовага шляху давалі вернікам магчымасць усвядоміць, што гэтае набажэнства з’яўляецца не толькі ўспамінам падзей, якія адбыліся дзве тысячы гадоў таму; што гэта не павінна быць толькі аплакванне Езуса Хрыста і ўзрушэнне цяжарам Яго цярпенняў. Удзельнікам прапаноўвалася зірнуць у час набажэнства на сваё жыццё як на крыжовы шлях, параўнаць сваю рэакцыю на цярпенне са стаўленнем Хрыста.
Удзельнікі набажэнства заахвочваліся да таго, каб вярнуцца дадому з пасланнем, што кожны дзень трэба браць свой крыж на плечы, як паказвае Езус, быць адказным за свае паводзіны, за прыняцце рашэнняў і кіравацца ў жыцці навучаннем, якое абвяшчаў Хрыстус.
Удзельнікі маліліся ў інтэнцыі нашай краіны, каб беларускі народ быў моцным у веры. Асабліва маліліся за сем’і, каб яны былі моцныя Богам і каб з іх выходзілі добрыя грамадзяне, якія стануць будучыняй для народа і Касцёла.
Пасля Крыжовага шляху адбылася святая Імша ў касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла. Падчас Імшы кс. Ян Гавецкі падзякаваў вернікам за трываласць у праходжанні гэтым шляхам, які быў нялёгкім, за сведчанне веры і заахвоціў ісці з крыжам па прыкладзе Езуса Хрыста да самага канца, да збаўлення.
Кс. Юрый Марціновіч
|