У лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа адбыўся Дзень малітвы для кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.05.2015 17:51

16 мая ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе адбыўся Дзень малітвы для кандыдатаў да сакрамэнту канфірмацыі.

Ксёндз Артур Валчкевіч распачаў сустрэчу для кандыдатаў канферэнцыяй, тлумачачы сэнс гэтага сакрамэнту і моц Святога Духа. “Мы можам захапляцца прыгажосцю квітнеючай яблыні, але яна створана, каб не проста цешыць нашае вока, але прынесці смачны плён. Таксама і мы – створаны не толькі для таго, каб быць прыгожымі кветкамі і потым завяць, але каб прыносіць плён”, - такімі словамі святар падкрэсліў моц Духа, які прыходзіць, каб умацаваць людзей, стварыць у іх сапраўдных хрысціянаў – сведкаў жывога Бога, Езуса Хрыста.

Пасля канферэнцыі моладзь і старэйшыя парафіяне паглядзелі кароткі фільм – сведчанне а. Раньера Канталамесы “Не бойцеся Духа Святога”. У фільме папскі прапаведнік а. Канталамеса распавядае аб сваім навяртанні і аб тым, як ён сам прыняў сілу Духа Божага, аб мільёнах людзей ва ўсім Каталіцкім Касцёле, якія жывуць новым жыццём Пяцідзясятніцы і сведчаць аб Хрысце.

Падчас адарацыі кандыдаты маліліся аб дарах Духа Святога і праслаўлялі Уваскрослага Езуса, які ёсць заўсёды сярод вернікаў, асабліва ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Дзень малітвы завяршыўся святой Імшой. У гаміліі кс. Уладзіслаў Сурвіла яшчэ раз нагадаў сабраным аб неабходнасці адкрыцця свайго сэрца на Духа Святога.

С. Кляра ад Святой Тройцы CSFN


 
© 2003-2025 Catholic.by