«Сустрэча з найлепшым Сябрам»: урачыстасць Першай Камуніі ў парафіі в. Войстам |
| Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
01.06.2015 15:47 |
31 мая, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, 12 дзяцей парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў в. Войстам (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) прынялі Першую святую Камунію.
Гэты дзень, да якога рыхтаваліся на працягу двух гадоў, стаў вялікім святам не толькі для саміх дзяцей і іх бацькоў, але і для ўсёй войстамскай парафіі. У прамове да дзяцей пробашч кс. Леон узгадаў пра перашкоды і цяжкасці, з якімі сустракалася старэйшае пакаленне ў прыняцці Першай святой Камуніі ў савецкія часы. Святар адзначыў, наколькі шчаслівыя сучасныя дзеці, якія маюць такую прыгожую ўрачыстасць першай сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі.
У гаміліі пробашч разважаў пра таямніцу Найсвяцейшай Тройцы, назву якой носіць войстамскі касцёл, і заахвочваў першакамунійных дзяцей да частага і радаснага прыняцця найлепшага Сябра — Езуса — у свае чыстыя сэрцы.
Напрыканцы Імшы ўсе дзеці, якія на працягу навучальнага года прымалі ўдзел у катэхізацыі, атрымалі пасведчанні аб заканчэнні пэўнага катэхетычнага курса. Скончылася ўрачыстасць эўхарыстычнй працэсіяй вакол касцёла з удзелам першакамунійных дзяцей.
Кацярына Дурко
|