Заканчэнне катэхетычных заняткаў адзначылі ў Шчучыне | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.06.2015 16:25

Мінулы тыдзень стаў падсумаваннем катэхетычных заняткаў у парафіі Святой Тэрэзы ў Шчучыне (Гродзенская дыяцэзія). Для некаторых гэта былі апошнія заняткі, а некаторыя толькі распачынаюць прыгоду свайго пазнавання Езуса Хрыста.

27 мая былі падведзены вынікі заняткаў у некаторых шчучынскіх дзіцячых садках, дзе ўжо тры гады служыць а. Аляксандр Махнач SP.

У той жа дзень вучні 10-х класаў дзякавалі Богу за сакрамэнт канфірмацыі, які прынялі ў мінулым годзе. Гадавіна прыняцця сакрамэнту супала з падсумаваннем катэхетычных заняткаў. Пасля ўрачыстай святой Імшы пры супольным вогнішчы былі ўручаны сведчанні на заканчэнне катэхетычнага года.


З парафіяльнай катэхезай развіталіся 11-класнікі, якія ў гэты час ужо здаюць экзамены і плануюць сваю будучыню. 25 мая пасля Эўхарыстыі ў інтэнцыі 11-х класаў моладзь падзякавала святарам, якія служаць у парафіі, за падрыхтоўку яе да сакрамэнтаў і прыклад веры.

Агульным падсумаваннем катэхетычнага года для ўсіх наведвальнікаў парафіяльнай катэхезы стала святая Імша 31 мая. Традыцыйна ў гэты дзень вучні 11-х класаў перадаюць фігурку св. Юзафа Каласанса сваім малодшым сябрам у знак вернасці і заўсёднай прысутнасці на катэхезе.



А. Віталій Слука SP


 
© 2003-2024 Catholic.by