Пераможцам на VII Парафіядзе ў Гродне стала парафія Святой Сям'і ў Лідзе | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.06.2015 12:05

25 чэрвеня ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне адбылося ўрачыстае заканчэнне VII Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Сёлета ў сустрэчы прынялi ўдзел 500 чалавек з 33 парафій.

Гродзенская парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі па традыцыі прымае ўдзельнікаў гэтага мерапрыемства ўжо сёмы раз.

Галоўнай тэмай VII Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі была вера, a дэвізам сталі словы «Навярнi нас, Пане, i да Цябе вернемся» (Плач 5, 22).

Едучы на сустрэчу, дзеці і моладзь жадалі ўмацаваць сваю веру, практыкаваць яе, каб пасля дзяліцца ёю з іншымі. Напэўна, гэтыя дні, малітва, тэатральныя і спартыўныя мерапрыемствы дапамаглі ім нанова адкрыць скарб веры, каб адважна сведчыць перад людзьмі пра Хрыста.

Парафіяда завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі кс. д-р Раман Катлімоўскі падзякаваў удзельнікам за любоў да Хрыста, да Касцёла.

На Iмшы прысутнiчалi таксама спонсары: Баляслаў i Таццяна Iвашка, сям’я Лаўрыш, Раман Мацюкевiч разам з сям'ёй, а таксама прадстаўнiкі «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі.

Затым у дольным касцёле адбылося ўзнагароджванне пераможцаў. Шмат маладых вернікаў атрымала медалі за ўдзел у спаборніцтвах, у якіх яны выяўлялі свае здольнасці і таленты.


Першае месца заняла парафія Святой Сям’і ў Лідзе, другое — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Гродна-Паўднёвы), трэцяе — парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.

У кожным элеменце трыяды «святыня — тэатр — стадыён» таксама былі вылучаны пераможцы:

  • «Святыня» — парафія Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах;
  • «Тэатр»— парафія Святой Сям’і ў Лідзе;
  • «Стадыён» — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Гродна-Паўднёвы).

Пасля ўзнагароджвання ўсiх прысутных чакаў салодкi пачастунак.

Яраслаў Занеўскі


 
© 2003-2025 Catholic.by