Музычны гурт семінарыі ў Гродне «Ave» узяў удзел у фестывалі духоўнай музыкі ў Магілёве «Магутны Божа» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.06.2015 15:26

23 чэрвеня навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з пракуратарам семінарыі кс. Валерыем Аброшкам прыехалі ў Магілёў. Там семінарысты маглі наведаць шмат розных падзей: Фестываль звону, выступленні хoраў, канцэрты хрысціянскіх гуртоў і выканаўцаў.

Таксама семінарысты наведалі славутыя мясціны горада.

24 і 25 чэрвеня семінарысты мелі магчымасць для выканання сваіх музычных твораў і евангелізацыі на Плошчы Зорак у цэнтры Магілёва падчас Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Гэта вельмі ажыўленнае месца горада, таму гурт прыцягнуў увагу многіх людзей. На выступленні было шмат дзяцей і моладзі, таму некаторых удалося і заахвоціць да танцу.



 

Галоўнай мэтай семінарыстаў было набліжэнне людзей да Бога або, хутчэй, Бога да людзей. У гэтай частцы Беларусі малы працэнт католікаў, таму навучэнцы семінарыі мелі вялікую магчымасць для сведчання сваёй веры. Спевамі і кароткімі каментарыямі да іх яны паспрабавалі данесці людзям некаторыя праўды Касцёла.

Фестываль «Магутны Божа», а таксама сам горад Магілёў, выклікалі ў семінарыстаў вельмі пазітыўныя ўражанні. Гэта быў першы выезд гурта на дадзены фестываль, і яны маюць надзею, што не апошні.

Тамаш Мікалайчык

 
© 2003-2025 Catholic.by