Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў парафію ў Жодзішках |
| Друк | |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
27.07.2015 15:03 |
26 ліпеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы а/г Жодзішкі (Гродзенская дыяцэзія, Смаргонскі дэканат) адбылося ўрачыстае адпустовое мерапрыемства, прысвечанае святой Ганне – апякунцы касцёла. Сабралося больш за тысячу вернікаў: парафіян, гасцей з суседніх парафій і з-за мяжы.
Акрамя духавенства з суседніх парафій, на ўрачыстасць быў запрошаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які ў 2000-2001 гадах працаваў тут на пачатку свайго святарскага служэння і якога шчыра віталі на свяце ўсе людзі.
І дзеці, і моладзь, і больш сталыя вернікі выказвалі падзяку за працу сённяшняга дапаможнага біскупа на ніве Божай і ўважліва слухалі тлумачэнне Божага слова аб навяртанні. Асабліва прыемна парафіянам было пачуць цёплыя ўспаміны біскупа пра час працы ў гэтай парафіі.
Гэтая святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі, не толькі пачала новую старонку ў шматгадовай гісторыі парафіі Найсвяцейшай Тройцы, але і стала невялікім эпізодам своеасаблівага “пятага Евангелля”, якое піша сучасны Касцёл.
Адпустовая Імша завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і благаслаўленнем, якое ўдзяліў біскуп Аляксандр Яшэўскі.
Вольга Філіпчык
|