Вернікі з Сапоцкіна здзейснілі пілігрымку ў капліцу ў Калетах | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.09.2015 14:44

Вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Гродзенская дыяцэзія) мелі чарговую нагоду для пілігрымкі. 6 верасня парафіяне, у тым ліку дзеці і моладзь, здзейснілі пешую пілігрымку ў парафіяльную капліцу ў Калетах на адпустовую ўрачыстасць.

Капліца, якая была ўзведзена ў 1994 г., існуе пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Касцёл адзначыць 8 верасня.

Пілігрымы на чале з пробашчам кс. Антоніем Абухоўскім павінны былі пераадолець больш за 15 км. Падчас дарогі яны маліліся праз заступніцтва Найсвяцейшай Маці. Дзеці і моладзь асабліва прасілі аб Божым благаслаўленні на новы навучальны год.


У капліцы Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Калетах адбылася адпустовая Імша, якую ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч. Падчас Эўхарыстыі маліліся ў інтэнцыі ўсёй парафіі, за ўсе сем’і, каб яны былі моцныя Богам і перадавалі новым пакаленням хрысціянскія каштоўнасці.

Вернікі прайшлі ў эўхарыстычнай працэсіі, а на заканчэнне ўрачыстасці атрымалі благаслаўленне.


У апошні час пілігрымкі становяцца часткай душпастырства. Вернікі сапоцкінскай парафіі ахвотна ўдзельнічаюць у сваіх парафіяльных пілігрымках два разы ў год: у Нядзелю Божай Міласэрнасці пілігрымуючы ў капліцу ў Свяцку і на свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі – у капліцу ў Калетах. Таксама яны ўдзельнічаюць у дыяцэзіяльных пілігрымках.

Вераніка Альшаўскайтэ, (AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by