Рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай прыбылі ў парафіяльную святыню ў Малой Бераставіцы | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.10.2015 18:02

17 кастрычніка ў парафію Св. Антонія з Падуі ў Малой Бераставіцы былі ўнесены рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай, якая асаблівым чынам звязана з Гродзеншчынай. З гэтай хвіліны вернікі парафіі змогуць маліцца ў парафіяльнай святыні праз заступніцтва благаслаўлёнай.

Гісторыя жыцця бл. Цэліны Бажэнцкай вельмі цікавая. Яна нарадзілася ў 1833 г. у Антовілі каля Оршы. Па волі бацькоў выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага з Абрэмшчыны, хоць з дзяцінства хацела служыць Богу як сястра законная. Дваіх дзяцей пахавала, дваіх выгадавала. У 41 год аўдавела. Пасля смерці мужа рэалізавала жаданне, якое мела з дзяцінства: калі старэйшая дачка выйшла замуж, разам з малодшай дачкой Ядвігай благаслаўлёная Цэліна стала заснавальніцай новай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак.

Святую Імшу ў парафіі ў Малой Бераставіцы ўзначаліў у гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які заахвоціў вернікаў пашыраць культ благаслаўлёнай і паглыбляць сваё духоўнае жыццё праз знаёмства з яе духоўнай спадчынай. Біскуп дадаў, што беларуская зямля багатая многімі святымі, якія з’яўляюцца для сённяшніх людзей яскравым прыкладам таго, як трэба нястомна ісці за голасам Хрыста, любіць Бога, Касцёл і чалавека.



 

Іерарх звярнуў увагу на заслугі благаслаўлёнай Цэліны ў галіне духоўнага выхавання людзей, сярод якіх яна жыла і працавала, даючы сведчанне даверу Богу ў кожнай сітуацыі жыцця.

Супольнасць вернікаў, якая ў гэты дзень атрымала новую заступніцу ў небе, мае вялікую надзею, што культ благаслаўлёнай Цэліны будзе пашыраццa не толькі ў Гродзенскай дыяцэзіі, але і ва ўсёй Беларусі.

Кс. Юрый Марціновіч



  

 


 
© 2003-2025 Catholic.by