«Caritas» Іўя праводзіць адвэнтавую акцыю дапамогі людзям у патрэбе | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.12.2015 11:09

Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Caritas» з Іўя (філіял «Caritas» у Гродзенскай дыяцэзіі) у перадкалядны час наладзіў выраб батлеек і раўпаўсюджванне ўпрыгажэнняў на вігілійны стол.

Выручаныя сродкі будуць прызначаны для людзей у патрэбе. Сімвалічныя падарункі ў святочны перыяд атрымаюць дзеці з інтэрната, людзі з дамоў састарэлых, а таксама адзінокія.

Як адзначыў у размове з Сatholic.by ініцыятар акцыі ксёндз Ян Гавецкі, пробашч парафіі Свв. Апосталаў Пятра і Паўла у Іўі, такая адвэнтавая ініцыятыва ўжо стала парафіяльнай традыцыяй.

«Сродкі ад гэтай акцыі, якімі мы прагнем падзяліцца з людзьмі ў патрэбе, — гэта наша ахвяра, якая поруч з малітвай і постам з’яўляецца фундаментам нашага хрысціянскага жыцця», — адзначае святар.

«Калі Езус прыйдзе ў хвале падчас Апошняга Суду, мы пабачым, які плён меў кожны наш учынак — колькі дабра нам удалося ўнесці ў жыццё іншых людзей і які ўнёсак зрабіў кожны з нашых учынкаў. Часам гэта добрыя знакі ўвагі, радасць дзіцяці або старэйшай асобы, адзінокіх людзей, былі выкліканы падарункам да Божага Нараджэння і могуць прынесці вялікае дабро», — дадаў ініцыятар акцыі.

Падобныя ініцыятывы адбываюцца ў іўеўскай парафіі таксама перад Вялікаднем, калі распаўсюджваюцца ўпрыгажэннi на велікодны стол і галінкі на Пальмовую нядзелю.


Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2025 Catholic.by