Кс. Пятра Барташэвіча i кс. Фелікса Сароку ўзгадaлi ў Aдэльску ў 25-ю гадавіну іх смерці: «Вучылі нас жыць у духу Евангелля» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
14.01.2016 12:00

Спачылыя 25 гадоў таму кс. Пётр Барташэвіч i кс. Фелікс Сарока пакінулі след у адэльскай парафіі. Ксёндз Пётр Барташэвіч быў яе пробашчам у 1955-1963 гг., a кс. Фелікс Сарока — з 1963 г. да сваёй смерці ў 1991 г. Святары адышлі ў вечнасць з перапынкам у два дні: кс. Барташэвіч 13 студзеня, а кс. Сарока 15 студзеня.

Сакрамэнтальнае служэнне гэтых адданых Богу і людзям святароў прынесла карысць сотням вернікаў. Выразам іх удзячнасці за ўсё дабро, якое атрымалі ад сваіх душпастыраў, стала малітва 13 студзеня ў адэльскай парафіі ў 25-годдзе іх смерці.

Ксёндз Пётр Барташэвіч памёр у іншай парафіі — у Жалудку, і пахаваны там на мясцовых могілках. Ксёндз Фелікс Сарока да канца жыцця з адднанасцю служыў адэльчанам і пахаваны на могілках у Адэльску.

Малітвай на магіле кс. Сарокі пачаліся ўрачыстасці ў 25-годдзе яго смерці. Вернікі прыбылі на могілкі, каб прасіць аб Божай міласэрнасці для спачылых святароў і падзякаваць Пану за дар тых душпастыраў, якіх паставіў на шляху іх жыцця.

Парафію ў Адэльску і мясцовыя могілкі наведаў у гэты дзень Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які вельмі ўдзячны гэтым спачылым святарам, што былі для яго ўзорам і праваднікамі ў веры і натхнялі ў распазнанні паклікання.

Затым адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якую ўзначаліў Мітрапаліт. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На Імшы сабраліся вернікі, якія і сёння памятаюць сваіх спачылых душпастыраў.

У гаміліі Мітрапаліт падкрэслiў, што, хаця па характары гэтыя два святары былi рознымi, аднак працавалi для адной мэты – для збаўлення чалавека ў вельмi складаных абставiнах атэiстычнага рэжыму. Па словах іерарха, калi ксёндз Пётр Барташэвiч «адзначаўся адкрытасцю на розныя жыццёвыя сiтуацыi, сваiм служэннем прадстаўляў Касцёл у гэтым свеце i iмкнуўся да адказу на выклікі часу», то ксёндз Фелікс Сарока «адзначаўся вялiкай, нават, можа, педантычнай, дакладнасцю, асаблiва адносна Кананiчнага права i лiтургii».

Арцыпастыр прыгадаў, што перад сваiм прэзбітэрскім пасвячэннем, калi ён наведаў Адэльск, кс. Фелiкс Сарока зрабiў яму такі экзамен па літургiцы, якi яму нават не снiўся ў духоўнай семiнарыi. За гэта сённяшні іерарх, як прызнаўся, вельмi ўдзячны спачыламу душпастыру, бо менавiта такая пастава святара дапамагла яму самому стаць вялiкiм паклоннiкам літургiкi.

Таксама Мітрапаліт падкрэслiў значэнне святароў у жыццi Касцёла, адзначыўшы, што іх функцый не можа замянiць нiхто, бо нiхто iншы не можа адпусцiць грахоў, цэлебраваць Эўхарыстыi i iншых сакрамэнтаў. Таму, дадаў іерарх, гэтая Імша павiнна стаць «акцыяй паклiкання да святарства i кансэкраванага жыцця».

Акрамя таго, сказаў арцыпастыр, гэтая Эўхарыстыя павінна стаць «заклiкам да захавання нашай хрысціянскай тоеснасцi». «Ксяндзы Пётр Барташэвiч i Фелiкс Сарока вучылі нас жыць у духу Евангелля. Таму захаванне хрысцiянскiх нормаў будзе найлепшым актам памяцi аб iх», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Нагадаўшы, што ў часы ганенняў Адэльск славiўся вернасцю Богу i хрысцiянскаму паклiканню, арцыбіскуп пажадаў, каб так было і цяпер, «каб не мы змянялi Евангелле, але яно змяняла нас».

Біяграфіі святароў

Ксёндз Пётр Барташэвіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1914 г. у Вільні, дзе скончыў школу і гімназію. У 1934 г. паступіў вучыцца ў семінарыю ў Вільню. У 1939 г. атрымаў ступень магістра тэалогіі. 16 чэрвеня 1940 г. з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ў Вільні прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Спачатку служыў вікарыем у Шумску, а пазней — у віленскай Кальварыі. У кастрычніку 1941 г. быў накіраваны на працу ў Зембіна пад Мінскам, але не трапіў туды. Па просьбе дэкана кс. Антонія Зянкевіча, тагачаснага генеральнага вікарыя біскупа ў сваім дэканаце, ён застаўся ў парафіі ў Глыбокім.

У 1943 г. быў пробашчам парафіі ў Пярплішчы, у 1946 г. — пробашчам парафіі ў Крулеўшчызне. Восенню быў арыштаваны і прывезены ў Полацк. Яго абвінавацілі ў тым, што ён не верыць у моц Чырвонай арміі, прымушаў дзяцей маліцца і актыўна ўдзельнічаў у сустрэчах святароў.

У пачатку 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў лагераў, пазбаўленне грамадзянскіх правоў на 5 гадоў і канфіскацыю маёмасці. Спачатку быў накіраваны ў турму ў Оршу, адтуль — у лагер Старая Вятка ў Рэспубліку Комі. Праз два гады быў высланы ў лагер Чуна ў Сібір. Быў вызвалены 1 мая 1955 г., прыбыў у парафію ў Пярплішчы, дзе касцёл быў ужо зачынены.

Ксёндз Пётр накіраваўся ў Гродна, да дэкана кс. Міхала Арановіча, які накіраваў яго ў Адэльск. 13 чэрвеня 1955 г., пасля атрымання адпаведных дакументаў, пачаў там працу. Займаўся моладдзю, пры касцёле арганізаваў спартыўныя спаборніцтвы. У адэльскай школе не было піянераў і камсамольцаў. Улады абвінавачвалі ў гэтым ксяндза. З-за гэтага па распараджэнні ўладаў ён быў вымушаны пакінуць Адэльск і пачаў працу ў Жалудку. З-за вельмі руплівай працы ў яго адабралі дакументы (т. зв. даведку).

Ксёндз Барташэвіч паехаў у Маскву, каб сустрэцца там з Румянцавым, старшынёй Найвышэйшай рады па справах рэлігіі. Пасля гэтай сустрэчы святар атрымаў дакументы.

У 1963 г. ён быў вымушаны пакінуць парафію ў Адэльску і накіравацца ў Жалудок, дзе выконваў функцыі пробашча аж да смерці. Дзякуючы старанням кс. Пятра ў ВДС у Рыгу быў прыняты Антоні Ханько, цяперашні канцлер біскупскай курыі ў Гродне. Ксёндз Пётр разам з кс. Юзафам Грасевічам заснаваў патаемную супольнасць сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У 1990 г. кс. Пётр Барташэвіч быў прызначаны папскім прэлатам.

13 студзеня 1991 г. ён памёр у Жалудку, дзе быў пахаваны каля магілы сваёй маці.

Ксёндз Фелікс Сарока нарадзіўся ў 1910 г. У 1932-1938 гг. вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Вільні. У 1938 г. з рук кс. арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Затым быў прызначаны вікарыем у парафію ў Васількаве каля Беластока. Пасля Другой сусветнай вайны быў пробашчам парафіі ў Парэччы недалёка ад Гродна. Больш за тры гады быў пазбаўлены савецкімі ўладамi т. зв. даведкі за катэхізацыю дзяцей і моладзі.

Падчас пераезду кс. Пятра Барташэвіча з Адэльска ў Жалудок кс. Фелікс Сарока атрымаў дазвол для душпастырскай працы ў Адэльску. З 1963 г. да сваёй смерці, 15 студзеня 1991 г., выконваў там функцыю пробашча.

Кс. Юрый Марціновіч


 
© 2003-2024 Catholic.by