Пальмовая нядзеля ў Гродне: адкрыць таямніцу любові Бога да чалавека | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.03.2016 11:25

Пальмовая нядзеля ў Гродне, 20 сакавіка, была сапраўдным абуджэннем для католікаў гэтага горада. З самага ранку да святыняў ішлі натоўпы вернікаў з галінкамі ў руках. Асабліва ў цэнтры горада касцёлы нават не змяшчалі ўсіх прысутных.

Гэта была маніфестацыя веры і бачны знак таго, што Касцёл на Гродзеншчыне вельмі жывы, а народ імкнецца да святыні.

Моладзь — надзея Касцёла

Па традыцыі ў Пальмовую нядзелю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч запрашае ў Гродна моладзь, каб разам перажыць Дзень моладзі. Так было і ў гэтым годзе. На запрашэнне гродзенскага ардынарыя адгукнулася шмат маладых людзей, якія прыбылі з усіх парафій горада.

Нягледзячы на зімовае надвор’е, прыбыла таксама моладзь з аддаленай Ліды, Геранён, Малой Бераставіцы, Сапоцкіна і іншых месцаў, каб аднавіць у сабе запал, засведчыць, што Панам іх жыцця з’яўляецца Езус Хрыстус, і разам прамовіць: «Гасанна Сыну Давіда!»

Моладзь прынесла пальмовыя галінкі — сімвал жыцця, якое адраджаецца. Маладыя вернікі некаторых парафій прыйшлі з прыгожымі велічнымі пальмамі, якія доўгі час стваралі і аздаблялі ў сваіх парафіяльных супольнасцях. Прыносіць гэтыя вялікія пальмы ў гродзенскую катэдру на Пальмовую нядзелю стала традыцыяй. Гледзячы на іх, можна захапляцца фантазіяй і талентамі моладзі.

Асвячэнне пальмаў здзейсніў біскуп Аляксандр Кашкевіч на бэрнардынскім узгорку. Пасля працэсія вырушыла са спевам да катэдральнага касцёла св. Францішка Ксаверыя. Падчас шляху моладзь спявала, выказваючы так сваю веру і прыналежнасць да вялікай сям’і — Каталіцкага Касцёла.

Працэсія паказала, што і ў наш час ёсць шмат маладых людзей, якія не хаваюцца са сваёй верай у кутку, а адважна, ідучы па жыцці, хочуць яго перажываць разам з Богам.

Імшу ў катэдральным касцёле ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Святыня не змагла змясціць усіх вернікаў, і многія стаялі звонку.

У гаміліі біскуп падкрэсліў, што Пальмовая нядзеля, або Нядзеля Мукі Пана, з’яўляецца пачаткам Вялікага тыдня, у які ўваходзіць Касцёл і падчас якога католікі будуць цэлебраваць найважнейшую таямніцу сваёй веры — пасхальную таямніцу мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста.

Пальмовая нядзеля — запрашэнне для кожнага

«Сёння ў літургіі мы ўзгадваем ўезд Езуса ў Ерузалем. Гэта там, у святым месцы, такім дарагім Езусу, разыгрываецца найвялікшая драма ў гісторыі чалавецтва: чалавек адкідвае Бога. Гэтая крывавая драма, жудасная ў сваёй жорсткасці, будзе адначасова найвялікшым дабром, найцудоўнейшым дарам Бога для чалавека, бо скончыцца не крыжам і смерцю, а ўваскрасеннем і жыццём», — адзначыў біскуп.

Іерарх дадаў, што Пальмовая нядзеля — запрашэнне, скіраванае да кожнага, каб нанова адкрыць таямніцу любові Бога:

«Пальмовая нядзеля Мукі Пана і наступныя дні Вялікага тыдня — запрашэнне, каб мы нанова адкрывалі для сябе таямніцу любові Бога да чалавека, значыць да кожнага з нас. Гэтая любоў Бога з’яўляецца любоўю міласэрнай, бо слабы і грэшны чалавек мае патрэбу менавіта ў такой любові. Пана Бога мы называем Айцом Міласэрнасці, бо Ён так моцна нас палюбіў, што не пашкадаваў уласнага Сына, каб мы мелі жыццё дзякуючы Яму».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Таксама гродзенскі ардынарый заахвоціў удзельнікаў Імшы падумаць над тым, як мы адказваем на любоў Хрыста:

«Спытаемся сёння ў сябе: як мы адказваем Хрысту на Яго любоў? Можа, часам мы больш падобныя да Пятра, які запэўніваў Езуса, што застанецца Яму верны назаўсёды, а праз нядоўгі час адмовіўся ад Яго.

Можа, часам мы, падобна Пілату, выносім няправільныя, несправядлівыя прысуды на нашых бліжніх, асуджаем іх у словах або ў думках, забываючы, што ў кожным чалавеку трэба бачыць Хрыста.

Можа, часам мы падобныя да натоўпу, які патрабаваў укрыжавання Езуса — тады, калі паводзім сябе так, быццам бы Езуса ў нашым жыцці не было, і ў шумным хаосе штодзённасці робім выгляд — перад іншымі і перад самімі сабой — што не чуем Яго далікатнага голасу».

Біскуп падзякаваў моладзі Гродзенскай дыяцэзіі за яе запал і жаданне ўзрастання ў веры, і папрасіў праз усё жыццё заставацца вернымі Хрысту. Таксама іерарх пажадаў, каб Вялікі тыдзень быў часам асабістай сустрэчы з Езусам, які ёсць любоў і міласэрнасць.

Пасля Імшы маладыя людзі яшчэ некаторы час праслаўлялі Бога рэлігійнымі песнямі.

Пальмовая нядзеля ў Гродне паказала, што Касцёл на Гродзеншчыне — жывая супольнасць, якая расце і развіваецца. Гэты дзень стаў своеасаблівым абуджэннем мясцовых католікаў са сну.

Магчыма, большасць з іх прыходзіць у гэты дзень у святыню з патрэбы сэрца, усведамляючы важнасць Бога ў сваім жыцці, хоць, можа, ёсць і падобныя да ерузалемскага натоўпу, які спачатку крычаў: «Гасанна!», а праз нейкі час — «Укрыжуй Яго!»

Хацелася б, каб наш Касцёл узрастаў і развіваўся і каб кожны мог зразумець, што крыніцай усялякага шчасця з’яўляецца Езус Хрыстус, які на крыжы аддаў сваё жыццё за кожнага, бо так моцна палюбіў чалавека.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2025 Catholic.by