Пальмовая нядзеля ў фарным касцёле ў Лідзе: «Галоўны сэнс урачыстасці — не вярба, а сустрэча з жывым Езусам» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.03.2016 09:06

Не зважаючы на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца вернікі Ліды, ідучы да касцёла заснежанымі вуліцамі, Фарны касцёл у Пальмовую нядзелю быў перапоўнены парафіянамі, якія трымалі галінкі вербаў.

Ідучы праз горад, можна было здзівіцца вялікай колькасці радасных католікаў, якія паасобку ці сем’ямі крочылі на сустрэчу з Панам з упрыгожанымі галінкамі ў руках.



Пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Гуляй нагадаў вернікам аб сутнасці гэтага дня і аб тым, як яго адпаведна перажываць:

«Сумна, калі чалавек не разумее сутнасці сённяшняга дня, калі забывае, што галоўнай з’яўляецца сустрэча з жывым Езусам. Хрыстус хоча сустрэцца з намі ў сённяшняй Эўхарыстыі. Галоўнае — не вярба, але наш удзел у збаўчай ахвяры Езуса Хрыста!».



У малітоўнай атмасферы радасці католікі Ліды распачалі Вялікі тыдзень, каб падрыхтавацца да перажывання ўрачыстасці Уваскрасення Езуса Хрыста.

Томаш Мікалайчык
Фота Маргарыты Пальчукевіч



 
© 2003-2025 Catholic.by