Крыжовы шлях вуліцамі горада адбыўся ў смаргонскай парафіі | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.03.2016 09:36

17-19 сакавіка ў парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшлі велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Станіслаў Краўчанка SDB. Увечары другога дня духоўных разважанняў, нягледзячы на дрэннае надвор’е, адбыўся Крыжовы шлях вуліцамі горада, у якім прыняла ўдзел вялікая колькасць вернікаў.

Рэкалекцыяніст прапанаваў кожнаму ўдзельніку гэтай малітвы паразважаць над праяўленнем Божай міласэрнасці ў сваім штодзённым жыцці, над людскімі грахамі і тым, што ім можа супрацьстаяць: учынкі міласэрнасці адносна цела і душы.



Удзельнікі спадзяюцца, што моцныя ўражанні напаўнялі не толькі іх сэрцы, але і сэрцы тых, хто выпадкова сустракаўся на шляху. Людзі спыняліся, і звычайная цікавасць спантанна змянялася глыбокім роздумам. Да духоўных разважанняў і цярпенняў далучаліся і фізічныя, бо ўсе вернікі парафіі мелі магчымасць па чарзе несці крыж: моладзь, дзеці, жанчыны, мужчыны, духавенства.

Напрыканцы Крыжовага шляху ўдзельнікаў напаўняла ўпэўненасць, што гэты шлях не заканчваецца на крыжы, але ідзе далей, да вялікай радасці Божага Валадарства.

Паводле www.sdb.by

(AG)

Фота www.sdb.by

 
© 2003-2025 Catholic.by