Біскуп Юзаф Станеўскі цэлебраваў літургію Пасхальнай вігіліі ў Лідзе | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2016 02:43

Нягледзячы на смутак, які нясе з сабою Вялікая субота, вернікі Лідчыны радасна спяшаліся ў касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе. Хоць асвячэнне велікодных страваў адбывалася штогадзіну, лідская Фара не магла змясціць шматлікіх вернікаў, якія прыходзілі цэлымі сем'ямі, каб памаліцца і асвяціць стравы на велікодны стол.

На працягу дня дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі асвячаў у лідскай парафіі стравы, якія прыносілі вернікі.

Смутак і радасць стваралі непаўторную атмасферу гэтага дня.



«Святло Хрыста, які ў хвале ўваскрос, няхай разгоніць цемру нашых сэрцаў і думак», – радасным рэхам разнеслася ў гэты дзень з вуснаў дапаможнага біскупа Юзафа Станеўскага, які цэлебраваў літургію Пасхальнай вігіліі ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа.



Радаснае «Аллелюя!» нарэшце прагучала, каталіцкая супольнасць павялічылася на яшчэ аднаго католіка – Марыю, якая ў гэты дзень падчас літургіі прыняла сакрамэнт хросту і вызнала сваю веру перад сабранымі, што з’яўляецца радаснай і важнай падзеяй для ўсяго Касцёла.

Радасць, віншаванні, прыгожая і вымоўная ў сваёй сімволіцы літургія – такой была атмасфера вігіліі Уваскрасення Пана ў лідскім фарным касцёле.

(AG)

 

 
© 2003-2024 Catholic.by