Шчучынскія адзінаццацікласнікі здзейснілі пілігрымку ў Будслаў | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.04.2016 12:09

У мінулы ўікэнд з нагоды завяршэння навучальнага года сёлетнія выпускнікі са Шчучына, якія наведваюць катэхетычныя заняткі ў парафіі Св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай), скіраваліся ў санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будслаў. Вясновая пілігрымка выпускнікоў у Будслаў стала ўжо традыцыйнай для парафіі.

Сёлетняе падарожжа выпускнікоў адбылося ўжо ў пяты раз.


Мэта гэтага выезду — малітва, падчас якой удзельнікі пад апекай Маці Божай Будслаўскай просяць аб добрым выбары жыццёвай дарогі, а таксама аб дапамозе ў здачы экзаменаў і тэстаў.

Падчас паездкі ў Будслаў моладзь таксама мела магчымасць наведаць і пабачыць мноства цікавых гістарычных месцаў краіны.

У першы дзень падарожжа ўдзельнікі пілігрымкі пабачылі касцёл свв. Пятра і Паўла, а таксама мячэць у Іўі, наведалі Хатынь і аднавілі веды па яе гісторыі, патрапілі на найбольшае ў Беларусі вадасховішча ў Вілейцы, а таксама наведалі вілейскі касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Пасля дасягнення мэты падарожжа і на заканчэнне дня ўсе разам сабраліся на ружанцовай малітве ў санктуарыі ў Будславе.

У другі дзень пілігрымы наведалі мноства новых цікавых месцаў. Пасля супольнай Эўхарыстыі ў будслаўскай святыні модадзь скіравалася ў Мядзел, дзе знаходзіцца адноўленая мядзельская святыня, убачыла найбольшае ў Беларусі возера Нарач і наведала марыйны санктуарый у Гудагаі, пабачыла Баруны, а таксама пабывала на руінах замкаў у Крэве і Гальшанах.


Дар’я Дзікевіч
Фота Сяргея Хільмановіча

 
© 2003-2025 Catholic.by