«Важна заўсёды заставацца сабой»: кардынал Зянон Грахалеўскі выступіў на кангрэсе ў Гродне (+фота) | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.05.2016 13:58

26 мая ў сваім дакладзе «Божая міласэрнасць — выклік для сучаснага свету» папскі легат на Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе кардынал Зянон Грахалеўскі паразважаў над трыма аспектамі міласэрнасці: міласэрнасцю Бога, чалавечай патрэбай у Божай міласэрнасці і неабходнасцю быць міласэрнымі да іншых. 

«Міласэрнасць належыць да прыроды Бога. Бог, будучы Любоўю (пар. 1Ян 4, 8.16), „багаты на міласэрнасць” (Эф 2, 4). Міласэрнасць — тая праява любові, якая датычыць прабачэння, чуласці на патрэбы іншых», — заўважыў кардынал у дакладзе.

Працытаваўшы словы св. Яна Паўла ІІ, кардынал Зянон Грахалеўскі адзначыў, што «міласэрнасць з’яўляецца незаменным вымярэннем любові, як бы другім яе вымярэннем». Гэтая любоў, па словах кардынала, здольная «да схілення над кожным марнатраўным сынам, над кожнай чалавечай немаччу, перадусім жа над немаччу маральнай, над грахом».

«Божая міласэрнасць — гэта не праяўленне слабасці, але рыса ўсемагутнасці Бога. Яна з’яўляецца таксама “не абстрактнай ідэяй, а канкрэтным фактам, праз які Ён аб’яўляе сваю любоў, падобную да любові бацькі і маці, якіх да глыбіні душы хвалюе лёс уласнага дзіцяці», — заўважыў прадстаўнік Папы.

Кардынал таксама яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць абвяшчаць Божую міласэрнасць іншым народам. «Трэба, каб Яго пасланне аб міласэрнай любові загучала з новай моцай», — заўважыў іерарх.

Поўны тэкст даклада>>>

Мы патрабуем Божай міласэрнасці

У сваім выступленні кардынал яшчэ раз нагадаў удзельнікам кангрэсу, што усе людзі без выключэння патрабуюць Божай міласэрнасці.

«Нас турбуюць спакусы. Кожны дзень мы з’яўляемся грэшнікамі і патрабуем прабачэння. Будучы не ўпэўненымі ў саміх сабе, мы кожны дзень просім: “збаў нас ад злога”», — падкрэсліў папскі пасланнік.

Важную ролю ў атрыманні Божай міласэрнасці, паводле слоў кардынала, адыгрывае шчырае пакаянне чалавека і просьба аб прабачэнні.

«Чалавеку, які шкадуе, Хрыстус прабачае ў сакрамэнце пакаяння нават найцяжэйшыя грахі», — заўважыў іерарх.

Выступоўца дадаў, што ў сучасным свеце заўважаецца аслабленне або нават знікненне пачуцця граху.

«Людзі, у тым ліку і католікі, не бачаць уласнага граху, уласных слабасцяў і не прыбягаюць да сакрамэнту пакаяння», — сказаў папскі легат.

Таму, па словах кардынала, абвяшчэнне Божай міласэрнасці стала сёння найбольш актуальным.

«Там, дзе пануе нянавісць, жаданне помсты, дзе вайна прыносіць боль і смерць нявінных, існуе патрэба ў ласцы міласэрнасці, якая суцішае чалавечы розум і сэрцы і нараджае супакой. Дзе няма пашаны да жыцця і годнасці чалавека, існуе патрэба ў міласэрнай любові Бога, у святле якой адкрываецца невымоўная каштоўнасць кожнага чалавечага існавання», — падкрэсліў дакладчык.

Згадваючы пра Божую міласэрнасць, выступоўца, аднак, заўважыў, што не варта пераходзіць мяжу і ігнараваць грэх, дапускаць «сон сумлення».

«Божая міласэрнасць павінна нас схіляць да нястомнага навяртання, адрачэння ад граху, каб рэалізаваць Божую волю», — сказаў кардынал Зянон Грахалеўскі.

Таксама і мы павінны быць міласэрнымі

Папскі пасланнік адзначыў, што Божая міласэрнасць схіляе людзей да міласэрнасці адносна іншых, з іншага ж боку міласэрнасць, якая здзяйсняецца чалавекам, дапамагае яму дасягнуць Божай міласэрнасці.

«Патрэбны “ўяўленні міласэрнасці”, каб прыйсці з дапамогай да дзіцяці, занядбанага духоўна і матэрыяльна; каб не адвярнуцца ад хлопца ці дзяўчыны, якія згубіліся ў свеце разнастайных залежнасцяў або злачынства; каб несці параду, суцяшэнне, духоўную і маральную падтрымку тым, якія вядуць унутраную барацьбу са злом», — заўважыў іерарх.

Дакладчык таксама нагадаў, што «найбольшае дабро, якім мы можам узбагаціць іншых, — гэта ўмацаваць іх веру, іх асабісты кантакт з Хрыстом, наблізіць іх да найвялікшага дабра, якім з’яўляецца Бог».

«Міласэрнасць — гэта паклапаціцца аб здароўі дзіцяці, хаця б гэта і цягнула за сабой боль і прыкрасць; гэта зрабіць напамін таму, хто грашыць, і старацца дапамагчы бліжняму вызваліцца з залежнасці і граху», — заключыў кардынал Зянон Грахалеўскі.

Пасля выступлення дакладчык адказаў на шматлікія пытанні ўдзельнікаў кангрэсу. На пытанне «як гэта — працаваць з Папам?», іерарх адказаў:

«Гэта вялікая адказнасць, якая патрабуе адвагі, каб казаць Папу праўду. Важна не ганяцца за кар’ерай, а заўсёды быць сабой».

Дакладам кардынала Зянона Грахалеўскага скончылася працоўная частка Нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэса ў Гродне.  

Марына Валасар,
Фота Аляксандры Шчыглінcкай

 
© 2003-2024 Catholic.by