Біскуп Аляксандр Кашкевіч да ўдзельнікаў пешай пілігрымкі Гродна-Тракелі: «Дзякую за ваша сапраўднае сведчанне веры» | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
08.07.2016 15:13

8 ліпеня, у апошні дзень XVIII пешай пілігрымкі Гродна-Тракелі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў пілігрымаў, узначаліўшы святую Імшу ў капліцы св. Яна Хрысціцеля ў Пагародне.

Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся асаблівым чынам за ўсіх пілігрымаў, якія ў гэтыя дні скіроўваюцца з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі да Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелі.

На малітве сабраліся пілігрымы, а таксама вернікі з Пагародна і ваколіц, якія перад гэтым прынялі іх на начлег.



Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пілігрымам за сведчанне веры, якое яны даюць іншым праз свой удзел у гэтым падарожжы. «Дзякую за ваша сапраўднае сведчанне веры, якое вы пакідаеце, праходзячы праз вёскі і мястэчкі на шляху пілігрымкі», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Іерарх заклікаў маладых людзей быць сапраўднымі сведкамі Хрыста ў месцах сваёй працы і вучобы, каб іншыя людзі, бачачы іх прыклад жыцця, хацелі змяняць свае словы і ўчынкі.



Душпастыр гэтай маленькай парафіяльнай супольнасці кс. Ян Пецюн падзякаваў арганізатарам пілігрымкі за тое, што кожны год яе ўдзельнікі наведваюць парафію ў Пагародне і ўносяць у кожны дом і сям’ю радасць, якая паходзіць з таго, што яны з’яўляюцца сведкамі Езуса Хрыста.

Таксама ў гэты дзень біскуп Гродзенскі асвяціў новы звон, які быў размешчаны на вежы гістарычнай капліцы.

Кс. Юрый Марціновіч, (AG)
Фота Веранікі Карповіч


 
© 2003-2025 Catholic.by