Мітрапаліт Кандрусевіч падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску: будзьце духоўна абыякавымі да матэрыяльных спраў | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.02.2017 17:08

28 лютага ў касцёле свв. Сымона і Алены прайшла пастырская сустрэча для святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Узначаліў сустрэчу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. У сустрэчы прынялі ўдзел таксама дапаможныя біскупы архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш нагадаў, што вучэнне Хрыста канцэнтруецца не на матэрыяльных каштоўнасцях, а на духоўных, на выкананні не сваёй волі, а Божай.

«Сённяшняе Евангелле — гэта Божае слова найперш для духоўных асобаў: святароў, законнікаў і законніц. Бо яны, падобна апосталам, дабравольна адмовіліся ад сямейнага жыцця на карысць служэння людзям у парафіяльных і іншых супольнасцях, каб несці ім праўду Евангелля і вучыць паслухмянасці Божай волі. Гэта тое, што мы называем пакліканнем да святарскага і кансэкраванага жыцця. Жывучы і служачы паводле патрабаванняў Касцёла, а для кансэкраваных асобаў таксама і паводле евангельскіх парадаў, будучы інструментамі ў руках Езуса, мы не павінны шукаць сваёй карысці, але дапамагаць людзям ісці шляхам збаўлення», — адзначыў іерарх.

Таксама, як падкрэсліў арцыпастыр, у Евангеллі гучыць перасцярога, якая датычыць і свецкіх вернікаў, — не засяроджвацца на матэрыяльных каштоўнасцях, «што ў наш час з’яўляецца галаўным болем чалавека». «Свет і яго справы пройдуць, а заўсёды актуальнае і дзейснае Божае слова застанецца. Менавіта яно дапамагае ў будаванні справядлівага грамадства на гэтай зямлі і вядзе ў шчаслівую вечнасць», — дадаў Мітрапаліт Тадэвуш.

«Святы Ігнацый Лаёла заклікае нас, святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў, быць духоўна абыякавымі да матэрыяльных спраў. Яны не павінны стаць для нас богам. Наадварот, мы пакліканы любіць людзей і карыстацца рэчамі ў такой ступені, у якой яны вядуць да Бога», — падкрэсліў іерарх.

Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас пастырскай сустрэчы ў Мінску.

Арцыпастыр нагадаў, што еднасць з Хрыстом нясе свабоду, мір, радасць, спакой і вечнае жыццё. «Хіба ж гэта не добры выбар? Несумненна, добры. Пойдзем жа, дарагія святары і кансэкраваныя асобы, разам з Езусам да нашых вернікаў, каб і яны зрабілі такі самы выбар — першае месца аддалі Богу, у якім нашае збаўленне», — заключыў Мітрапаліт Тадэвуш.

(DN), (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by