У Гродне арганізавалі сустрэчу для бедных з нагоды надыходзячага Вялікадня | Друк |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.04.2017 09:19

5 красавіка ў доме сясцёр назарэтанак у Гродне з нагоды набліжэння святаў Уваскрасення Пана адбылася сустрэча для маламаёмных і людзей без пэўнага месца жыхарства. Традыцыйную сустрэчу перад святамі арганізавалі манахіні з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта разам з дабрачынным таварыствам «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Удзел у ёй прынялі больш за 80 чалавек.

З удзельнікамі сустрэўся біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што велікодныя святы заўсёды з’яўляюцца звеставаннем надзеі. Біскуп асабіста ўручыў кожнаму ўдзельніку сустрэчы маляванае яйка, якое з’яўляецца сімвалам адраджэння жыцця і знакам перамогі Хрыста над смерцю.

Дырэктар гродзенскага «Карытас» кс. Раман Рачко адзначае, што для бедных і тых, хто не мае даху над галавой, такія сустрэчы вельмі важныя. Праз такія акцыі Касцёл паказвае, што заўсёды стараецца спадарожнічаць чалавеку ў яго цяжкасцях і жадае прыйсці з дапамогай.

У доме назарэтанак на працягу зімовага, веснавога і восеньскага перыяду дзейнічае бясплатная сталовая для бяздомных, дзе яны штодзень могуць з’есці абед. Для многіх гэта адзіны пасілак на працягу цэлага дня.

Паводле grodnensis.by
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by