Пастырскае пасланне біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча на першую нядзелю Адвэнту 2012 | Друк |
Іерархі
26.11.2012 14:41

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Дарагія дыяцэзіяне!

Сёння мы распачынаем у Касцёле новы літургічны перыяд, званы Адвэнтам. Гэта час асаблівага чакання прыходу Хрыста — і літургічнага, у таямніцы Божага Нараджэння, і найважнейшага — у канцы часоў. Прычынай прыходу ў гэты свет Божага Сына было тое, каб людзі паверылі і дзякуючы гэтаму мелі вечнае жыццё (пар. 1 Ян 1, 2). Такім чынам, Адвэнт павінен стаць у нашых парафіях часам малітвы, якая вырасла з глыбокай веры.

Абвяшчаючы Год веры, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI напісаў, што «ён з’яўляецца заахвочваннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста, адзінага Збаўцы свету» (Porta Fidei, 5), і павінен садзейнічаць таму, каб усе вернікі лепш зразумелі, што фундамент хрысціянскай веры — гэта сустрэча з Езусам Хрыстом, які нястомна прыходзіць да нас. Выходзячы насустрач гэтым чаканням, мы хочам у перыяд Адвэнту яшчэ глыбей прааналізаваць сваю веру, а таксама праз малітву, пабожныя рэлігійныя практыкі і прыклад хрысціянскага жыцця далучыцца да «годнага і плённага» перажывання Года веры.

Вера — гэта вялікая ласка, якая паходзіць ад самога Бога. Бог адчыняе чалавеку «брамы» веры (пар. Дз 14, 27), уводзячы яго праз сакрамэнт св. хросту ў сваё Містычнае Цела, якім з’яўляецца Касцёл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што «вера — гэта асабістае з’яднанне ўсяго чалавека з Богам, які сябе адкрывае. Яна азначае прыняцце розумам і воляй таго, што Бог адкрыў пра сябе праз свае дзеянні і словы» (№ 176). Таму вера — гэта не толькі «паверыць», або прыняць праўду пра Бога, гэта перш за ўсё сустрэча з асабовым Богам, давер Яму, захоўванне вернасці Богу ў штодзённым жыцці. Звяртае на гэта ўвагу і Святы Айцец Бэнэдыкт XVI: «Важна, у што мы верым, але яшчэ больш важна, каму мы верым» (св. Імша на Кракаўскіх Блонях).

Вера — гэта перш за ўсё поўнае даручэнне сябе Езусу Хрысту, які з’яўляецца нашым адзіным Пасрэднікам, і прыняцце збаўчай дапамогі Святога Духа. Святы Павел абвяшчае гэтую праўду з усёй моцай: «Бо калі вуснамі сваімі вызнаеш: „Езус — Пан“, і ў сэрцы сваім паверыш, што Бог Яго ўваскрасіў з мёртвых, будзеш збаўлены. Бо сэрцам верыцца дзеля справядлівасці, а вызнанне вуснамі — дзеля збаўлення» (Рым 10, 9–10). Вера з’яўляецца дарам, які варта адкрываць нанова, захоўваць яе і даваць аб ёй сведчанне. Сёння мы дзякуем Богу за моцную і непахісную веру нашых продкаў, мучанікаў сталінскіх лагераў, святароў і законных сясцёр і за ўсіх, каго пераследавалі за веру. Так, як Апосталам, ім забаранялася абвяшчаць Хрыста, а яны не саступалі; іх пераследавалі, а яны цешыліся, што маглі для Яго пакутаваць. Калі вера такая важная для нас, для нашага збаўлення, то трэба аб ёй клапаціцца як аб найбольшым скарбе, захоўваць яе, а калі трэба, то і абараняць. Трэба яе таксама развіваць, каб мы не пачулі ад Езуса слоў: «Малаверны, чаму зняверыўся?» (Мц 14, 31).

Вера з’яўляецца вялікім дарам, які чалавек атрымлівае ад Бога. Але гэты дар падвяргаецца розным небяспекам. Першай такой небяспекай для звышнатуральнай цноты веры з’яўляецца празмернае кіраванне розумам у тлумачэнні розных пытанняў веры. Розум адыгрывае ў чалавечым жыцці вялікую ролю, але яму нельга прыпісваць беспамылковасць. Не ўсе праўды нашай веры можна да канца зразумець розумам, таму таксама трэба цалкам даверыцца велічы і беспамылковасці Бога, які нам аб’явіўся, і ў пакорнай малітве прасіць Духа Святога аб дапамозе ў прыняцці дадзенай таямніцы веры. Трэба таксама заўсёды разлічваць на важнасць вучэння настаўніцкага інстытуту Касцёла.

Іншая вялікая пагроза для цноты веры — пыха, сімптомамі якой з’яўляюцца: празмерная ўпэўненасць у сабе, ганарлівасць, адсутнасць глыбокай пакоры і цалкавітага абапірання жыцця на Богу. Для некаторых хрысціян вера становіцца цяжкай для прыняцця, таму што яна патрабуе ад іх парваць з рознымі грэшнымі схільнасцямі і звычкамі, такімі, як нячыстасць, алкагалізм і іншыя знявольваючыя залежнасці. Дзейсным лекам ад пыхі ў веры з’яўляецца інтэнсіўнае жыццё духам малітвы і практыка прыняцця розных пакут і зневажанняў, а таксама глыбокае сакрамэнтальнае жыццё.

Чарговая пагроза для развіцця цноты веры — гэта яе павярхоўнасць, што на практыцы праяўляецца праз абыякавасць да ўсяго таго, што звязана з верай. Чалавек з такім узроўнем веры не мае ні пачуцця ўласнага граху, ні абавязкаў, якія вынікаюць з веры. Тады ён часта паўтарае фальшывыя слоганы, што верыць у Бога ў душы, але не практыкуе, не ўдзельнічае ў нядзельнай Эўхарыстыі, не спавядаецца. Такім чынам ён лёгка падвяргаецца атэістычнай і ліберальнай прапагандзе, якая накіравана на пагарджэнне праўдамі веры і высмейванне веруючых людзей, а нават на нянавісць да іх. Адсутнасць глыбокага ўкаранення веры прыводзіць да таго, што пры кожнай знешняй цяжкасці яна знаходзіцца пад пагрозай страты, наступствам чаго з’яўляецца глыбокі адыход чалавека ад Бога, паколькі «вера без учынкаў мёртвая» (Як 2, 20).

Каб вера магла правільна развівацца, а таксама каб яна не падвяргалася розным пагрозам, хрысціянін абавязкова павінен прыняць многія абавязкі, якія з яе вынікаюць. Такім істотным абавязкам з’яўляецца пастаяннае паглыбленне веры. Яно здзяйсняецца перш за ўсё праз асабістае вывучэнне аб’яўленых праўд. Штодзённае чытанне Святога Пісання, асабліва Новага Запавету, чытанне дакументаў Апостальскай Сталіцы, каталіцкіх кніг і часопісаў дапаможа пашырыць і паглыбіць веданне праўд нашай веры. Чарговым абавязкам хрысціяніна перад верай з’яўляецца абавязковасць яе сведчання і вынікаючае з гэтага апостальства веры: «А хто адрокся б ад Мяне перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, які ў нябёсах» (Мц 10, 33). Праз сведчанне веры разгараецца і ўмацоўваецца асабістая вера і вера бліжніх.

Настойліва прашу вас, святары, каб у кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзілася сістэматычная катэхеза для дзяцей і моладзі. Перад гэтым абавязкам ніхто з нас, хто атрымаў кананічную місію навучання, не можа адчуваць сябе апраўданым ніякімі знешнімі перашкодамі. Арганізоўвайце катэхезу ў катэхетычным класе. Ездзіце ў гэты Год веры нават у самыя аддаленыя катэхетычныя пункты. Усім дзецям паказвайце любоў Хрыста і прыгажосць хрысціянскага жыцця. Праводзьце катэхезу ў кожным классе: не толькі да Першай святой Камуніі дзіцяці, але ажно да поўнага заканчэння ім вучобы ў школе.

Дарагія дзеці! Ніякія перашкоды не могуць вызваліць вас ад абавязку вывучэння навукі Хрыста. Малітвай, вучобай і ўсім сваім штодзённым жыццём здабывайце благаслаўленне Езуса і Яго Маці для сваёй сям’і і ўсяго Касцёла.

Дарагія бацькі! Прашу вас, каб вы разам са сваімі дзецьмі кожную нядзелю ўдзельнічалі ў св. Імшы, рэгулярна прыступалі да святых сакрамэнтаў і штодзённа маліліся разам з дзецьмі, даючы ім сваім жыццём добры прыклад глыбокай і жывой веры. На цэнтральным месцы ў вашым пакоі змясціце крыж — знак нашага збаўлення, абраз Маці Божай і Святое Пісанне, якое штодзённа чытайце. Няхай поўнае энтузіязму вызнанне веры гучыць у кожнай сям’і, парафіі, манаскім доме, школе, шпіталях, на фабрыках і іншых установах. Няхай вам заўсёды хапае адвагі, каб адкрыта вызнаваць Хрыста. Давайце ўсе будзем памятаць словы любімага вучня Хрыста: «Бо кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае свет, а вось перамога, што перамагае свет, — вера наша» (1 Ян 5, 4).

Умілаваныя браты святары! Абуджайце сваёй стараннай душпастырскай працай веру ў заснуўшых і часам абыякавых сэрцах вернікаў. Няхай парафіі, у якіх вы працуеце, будуць сапраўднымі аазісамі веры для вернікаў, а для тых, хто шукае Бога, — подступамі да веры. Прашу вас, святары, каб вы праз прыгожую цэлебрацыю літургію дапамагалі вернікам яднацца з Таямніцай Хрыста, унутрана ўзносіцца да праўды і любові, да Бога, а такім чынам узмацняць іх веру. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вучыць нас: «Літургія на самой справе з’яўляецца падзеяй, праз якую чалавек дае сябе ўвесці ў веліч веры і малітвы Касцёла». Я заахвочваю вас асабліва ў час Адвэнту прамаўляць гаміліі таксама і ў буднія дні. Няхай Божае слова, якое вы штодзённа абвяшчаеце, дапамагае кожнаму чалавеку «адкрыць радасць у веры і знайсці энтузіязм у перадачы веры» (Porta Fidei, 7), а таксама дазволіць лепш падрыхтавацца да сустрэчы з Панам, які прыходзіць да нас.

Сёння мы становімся таксама перад важным пытаннем: як данесці Евангелле да людзей з нашых парафій, якія не практыкуюць і не ходзяць у касцёл, асабліва да маладога пакалення? Часта іх так шмат вакол нас. Таму прашу святароў, клерыкаў, кансэкраваных асоб, бацькоў, дзяцей і моладзь, а асабліва хворых і церпячых аб малітве. Няхай яна прынясе абыякавым у веры святло пазнання. Трэба ўвесь час прасіць Пана ў паставе гарачай веры аб перамене іх сэрцаў, а для нас — аб прыняцці эфектыўных евангелізацыйных метадаў, так, каб усё нашае жыццё было няспынным сведчаннем веры.

На перажыванне святога часу Адвэнту і ўмацаванне нашай веры ад усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі

Гродна, 21 лістапада 2012 г.

№ 718/12

Распараджэнне: Дадзенае пасланне неабходна прачытаць на кожнай св. Імшы ва ўсіх касцёлах 2 снежня 2012 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by