Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у мерапрыемстве з нагоды 75-годдзя Мінскай вобласці | Друк |
Іерархі
18.01.2013 16:05

18 студзеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве з нагоды 75-годдзя Мінскай вобласці. Яно адбылося ў Палацы культуры ў Маладзечне.

У віншавальным слове, узгадваючы пра заснаванне адміністратыўных структур, сярод якіх таксама вобласці, Мітрапаліт нагадаў, што адміністратыўна-тэрытарыяльныя падзелы вядомыя яшчэ з часоў Старога Запавету і што менавіта закон Майсея даў Ізраэлю новую адміністратыўную структуру. «Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква таксама складаюцца з дыяцэзій, якія дзейнічаюць на канкрэтна вызначанай тэрыторыі адной краіны. Усё гэта чыніцца для больш эфектыўнага кіравання і развіцця як дзяржаўных і грамадскіх, так і духоўных адзінак краіны», — дадаў арцыпастыр.

Кажучы пра 75-гадовы юбілей вобласці, іерарх заўважыў: «Гэта не так многа з пункту гледжання гісторыі чалавецтва. Аднак, беручы пад увагу канкрэтныя абставіны, для Мінскай вобласці гэта вельмі значны і гістарычны час». У сувязі з гэтым Мітрапаліт нагадаў пра складаныя падзеі канца 30-х гадоў ХХ ст., Вялікую Айчынную вайну і яе бедствы, пасляваеннае адраджэнне, а таксама пра дасягненні вобласці ў прамысловасці, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, навуцы, культуры, спорце.

Іерарх звярнуў увагу на адметнасці Мінскай вобласці ў рэлігійным сэнсе: на яе тэрыторыі «знаходзіцца Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, які сёлета адзначае 400-гадовы юбілей»; «асаблівае месца ў сакральнай культуры займае касцёл Божага Цела ў Нясвіжы». Паміж кіраўніцтвам вобласці і рэлігійнымі арганізацыямі «развіваюцца добрыя, канструктыўныя адносіны».

Мітрапаліт павіншаваў кіраўніцтва і жыхароў вобласці з юбілеем, жадаючы «апекі Маці Божай Будслаўскай і Божага благаслаўлення», каб вобласць і далей была «лідарам і светачам нашай краіны».

Поўны тэкст віншавальнага слова Мітрапаліта>>>

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by