Старшыня беларускага епіскапату накіраваў ліст падзякі біскупу Уладзіславу Бліну | Друк |
Іерархі
27.02.2013 12:48

Ваша Эксцэленцыя,
Дарагі біскуп Уладзіслаў,

Мы з разуменнем прынялі да ведама рашэнне Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI выслухаць просьбу Вашай Эксцэленцыі аб адстаўцы з пасады біскупа Віцебскага.

З павагай да стану здароўя Вашай Эксцэленцыі і верай, што на першым месцы ў гэтым рашэнні знаходзіцца дабро Касцёла ў Віцебску, запэўніваю Вас у духоўнай падтрымцы і маёй малітве аб спаўненні ўсіх Божых планаў.

Дзякую Вам за руплівае апостальскае служэнне і за чынны ўдзел у дзейнасці Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў якасці намесніка старшыні і старшыні Камісіі па справах агульнага душпастырства і Рады па справах апостальства свецкіх.

Няхай Пан Бог мае ў сваёй апецы Вас, дарагі біскуп! Молімся, каб Вы яшчэ доўгія гады служылі апостальскім справам Касцёла, на якія будзе ўказваць Пан Езус, Добры Пастыр.

Жадаю Вашай Эксцэленцыі здароўя, Божага благаслаўлення і ўсіх патрэбных ласкаў у служэнні Хрыстоваму Касцёлу.

З Хрыстовым вітаннем і памяццю ў малітве

Біскуп Аляксандр Кашкевіч
Старшыня ККББ


Гродна, 27 лютага 2013 г.

 
© 2003-2024 Catholic.by